Навукова-тэхналагічны парк на базе ААТ «Віцязь» у Віцебску: канцэпцыю падтрымаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка
На базе ААТ «Віцязь» ствараецца навукова-тэхналагічны парк. Рэалізацыя праекта прадугледжана стратэгіяй развіцця Віцебскай вобласці на 2025 – 2030 гады.
Заслухаўшы канцэпцыю стварэння новага аб'екта, ідэю падтрымаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка. Ён азнаёміўся з магчымасцямі прадпрыемства і абмеркаваў з кіраўніцтвам вобласці дарожную карту па стварэнні і фінансаванні.
– Насамрэч гэта вельмі распаўсюджаная сусветная тэндэнцыя, калі дзяржава стварае максімальна камфортныя ўмовы для вытворчага бізнесу, каб палегчыць яму ўваход у праект. Таму што ў многіх прадпрымальнікаў, можа быць, недастаткова сродкаў або магчымасцей атрымаць крэдытныя рэсурсы для ўкладання ў вытворчыя памяшканні, – адзначыў Раман Галоўчанка. – Ды і ў прынцыпе ў нашых абласных гарадах і сталіцы ёсць пэўная праблема з плошчамі, якія былі б падрыхтаваны для працы з невялікімі вытворчасцямі, куды можна фактычна адразу прыйсці і, умоўна кажучы, праз тыдзень пачаць выпускаць прадукцыю.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што тэхнапаркі – гэта не столькі пра льготы або прэферэнцыі, колькі пра магчымасць забяспечыць для прадпрымальнікаў бясшвоўны ўваход у сферу вытворчасці. Таму што дзяржава бярэ на сябе ўкладанні ў інфраструктуру, у камунікацыі – за'язджай, стаў абсталяванне і пачынай вырабляць. Кіраўнік Нацбанка прывёў у прыклад Мінскі мотавелазавод, дзе пад такі тэхнапарк была адведзена частка плошчаў – яго дзейнасць аказалася вельмі выніковай. Таму гэтая праца павінна быць маштабавана на ўсю краіну.
Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, навукова-тэхналагічны парк павінен стаць шматфункцыянальным і засяродзіць у сабе асноўныя высокатэхналагічныя галіны Віцебскай вобласці. Ёсць зацікаўленасць прадпрыемстваў прыбора-, машына-, станкабудавання, уключаючы суб'екты недзяржаўнага сектара эканомікі. Тэхнапарк будзе адкрыты для замежных інвестараў, зацікаўленых у інвестыцыйным супрацоўніцтве, а таксама вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Анжаліка Нікіціна падкрэсліла, што ААТ «Віцязь» сёння – гэта не толькі вытворчасць тэлевізараў, але і высокатэхналагічная база, пачынаючы ад апрацоўкі металу да лазернага праграмавання.