Непрадуманы экспарт цягне адказнасць
Праблема рызыкі неаплаты пры экспартных пастаўках набывае асаблівую актуальнасць у перыяд неабходнасці максімальна эфектыўнага выкарыстання уласных абаротных сродкаў арганізацый, ад правільнага размеркавання якіх залежыць не толькі іх далейшая фінансавая ўстойлівасць, але і належная рэалізацыя правоў работнікаў на аплату працы, своечасовае і поўнае выкананне падатковых абавязацельстваў.
У цяперашні час органамі пракуратуры вобласці асаблівая ўвага надаецца пытанням папярэджання ўтварэння прадпрыемствамі вобласці пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці (ЗДЗ), паколькі якасная праца па дадзеным напрамку дазваляе не дапусціць утварэння праблемных даўгоў.
Па стане на 1 студзеня 2020 г. памер пратэрмінаванай ЗДЗ арганізацый вобласці склаў 23,5 млн. рублёў і за мінулы год павялічыўся на 6,8%, на 1 лютага бягучага года яе памер склаў ужо 24,3 млн. рублёў (+3,3% да пачатку года).
Неабгрунтаванаму адцягванню грашовых сродкаў у пратэрмінаваную ЗДЗ спрыялі факты неэфектыўнай арганізацыі знешнеэканамічнай работы з замежнымі пакупнікамі з пункту гледжання выкарыстання максімальна магчымых механізмаў эканамічнай абароны беларускіх экспарцёраў. У прыватнасці, неналежны аналіз фінансавай надзейнасці, плацежаздольнасці і дзелавой рэпутацыі замежных кантрагентаў, неналежная ацэнка рызыкі невыканання знешнегандлёвага дагавора, парушэнні пры выкананні знешнегандлёвых дагавораў (адгрузка прадукцыі пры наяўнасці невыкананых абавязацельстваў па аплаце ранніх паставак), адсутнасць лакальнай рэгламентацыі парадку вядзення пераддагаворнай работы, ігнараванне магчымасці страхавання экспартных рызык і г.п.
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць на стадыі прыняцця рашэння аб заключэнні экспартнага дагавора атрымаць максімальную інфармацыю аб фінансавым стане кантрагента – аб знаходжанні ў працэдуры банкруцтва, аб удзеле ў судовых спрэчках у якасці адказчыка, аб запазычанасці перад бюджэтам і іншую інфармацыю, размешчаную на афіцыйных сайтах замежных дзяржаўных органаў, якая дазваляе ацаніць рызыку невыканання абавязацельстваў па
аплаце ў выпадку прадастаўлення адтэрміноўкі плацяжу.
Акрамя таго, на афіцыйным сайце Генеральнай пракуратуры любы суб'ект гаспадаркі можа азнаёміцца з метадычнымі рэкамендацыямі па заключэнні і суправаджэнні знешнеэканамічных здзелак, накіраванымі на зніжэнне рызык утварэння пратэрміновай ВДЗ.
Канчатковае рашэнне аб заключэнні кантракта і ажыццяўленні паставак прымае выключна кіраўнік беларускага пастаўшчыка (упаўнаважаная ім асоба), але і адказнасць ускладаецца таксама на яго.
Пры гэтым кожнаму выяўленаму факту парушэнняў патрабаванняў заканадаўства, лакальных актаў арганізацыі органамі пракуратуры вобласці даецца прынцыповая ацэнка, у тым ліку на прадмет наяўнасці складаў адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў.
У 2019 годзе пракурорамі праведзены праверкі ў дачыненні да большасці праблемных арганізацый, якія ажыццяўляюць экспарт тавараў. Усяго праведзена 11 праверак, па выніках выяўленых парушэнняў унесена столькі ж прадстаўленняў, да дысцыплінарнай адказнасці за неналежнае выкананне абавязкаў пры заключэнні знешнегандлёвых кантрактаў, кантролі іх выканання, вядзенні прэтэнзійнай і іскавай працы прыцягнута 16 службовых асоб.
Акрамя таго, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 6 службовых і 3 юрыдычных асобы.
Асноўнымі парушэннямі, якія пацягнулі прыняцце мер адміністрацыйнай адказнасці, з'явіліся несвоечасовае завяршэнне знешнегандлёвых аперацый (у тым ліку па прычыне неналежнай прэтэнзійна-іскавай працы, бяздзейнасці ў вырашэнні пытанняў падаўжэння тэрмінаў завяршэння экспартных аперацый), парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб біржавым гандлі пры экспарце, скажэнне даных статыстычнай справаздачнасці аб памерах пратэрміновай ВДЗ.
Асаблівая ўвага органамі пракуратуры вобласці надаецца аналізу прычын утварэння пратэрміновай ВДЗ, звязаным з выкананнем дагавораў. Найбольш распаўсюджанай з іх з'яўляецца адгрузка прадукцыі замежным кантрагентам пры наяўнасці пратэрміновай запазычанасці за раней адгружаныя партыі.
Пры гэтым у выпадку, калі такая адгрузка ажыццяўлялася ў парушэннелакальных актаў арганізацыі альбо службовых абавязкаў упаўнаважанай асобы, ацэнка выяўленым парушэнням даецца ўжо ў плоскасці крымінальнага закона.
Органамі пракуратуры вобласці на пастаяннай аснове аказваецца садзейнічанне прадпрыемствам дзяржаўнай формы ўласнасці і з пераважнай доляй дзяржаўнай уласнасці ва ўстаўным фондзе, дапусціўшым пратэрмінаваную ВДЗ, ва ўзысканні даўгоў у судовым парадку.
У 2019 годзе пракурорамі ў інтарэсах беларускіх арганізацый-пастаўшчыкоў у эканамічныя суды прад'яўлена 6 іскавых заяў аб узысканні запазычанасці на суму 97 тыс. беларускіх рублёў і 10 млн. рублёў РФ, прынятыя меры дазволілі вярнуць на рахункі прадпрыемстваў больш за 5,7 млн. расійскіх рублёў валютнай выручкі. У астатняй частцы работа будзе працягнута ўжо на стадыі прымусовага выканання судовых рашэнняў.
Пракурор аддзела пракуратуры
вобласці
па наглядзе за
выкананнем заканадаўства
і законнасцю прававых
актаў
Павел Сухаў