49 пытанняў зададуць кожнаму беларусу падчас перапісу насельніцтва

49 вопросов зададут каждому белорусу во время переписи населения
Якая частка насельніцтва нашай краіны займаецца сельскай гаспадаркай і колькі сем’яў плануе нараджэнне дзяцей? Пра гэта і многае іншае мы даведаемся ўжо праз месяц. Трэці перапіс насельніцтва суверэннай Беларусі пройдзе з 4 па 30 кастрычніка.

 

Адпраўная кропка

У перапісныя лісты будзе заносіцца інфармацыя па стане на 0 гадзін 4 кастрычніка 2019 года. Падзеі, якія адбыліся пасля гэтага моманту, не фіксуюцца.

– Даныя перапісу ўнікальныя, бо іх нельга атрымаць пры бягучым уліку або з наяўных адміністрацыйных рэсурсаў, – адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення – начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Наталля Шруб.

Вынікі перапісу стануць асновай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у эканамічнай і сацыяльнай галінах краіны, будуць выкарыстаны пры фарміраванні рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, размеркаванні фінансаў на пенсійнае забеспячэнне, медыцыну, адукацыю, жыллёва-камунальную гаспадарку і іншыя сферы.

 

Наталля Алегаўна паведаміла, што перапісу таксама падлягаюць замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць альбо знаходзяцца ў нашай краіне.

– Не падлягаюць перапісу толькі тыя, хто выехаў за межы краіны ў камандзіроўку, на працу, вучобу на год і больш, – удакладніла Наталля Шруб.

Выбірай спосаб

Удзельнічаць у перапісе можна рознымі спосабамі. З 4 па 18 кастрычніка прадастаўляецца магчымасць самастойна запоўніць анкеты ў інтэрнэце. Адначасова мабільныя групы перапісчыкаў адправяцца ў арганізацыі і апытаюць іх работнікаў.

З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі правядуць анкетаванне па месцы жыхарства тых, хто не зрабіў гэта ў папярэднія дні.

– Апытанні на даму будуць праходзіць з 9.00 да 21.00, на вёсцы ўсталююць больш ранні час іх завяршэння. У перапісчыка пры сабе будуць сумка з лагатыпам, планшэт і пасведчанне, – звярнула ўвагу Наталля Шруб.

На працягу ўсяго тэрміну правядзення перапісу з 9.00 да 21.00 без выхадных і перапынку на абед будуць працаваць 90 стацыянарных участкаў, куды можна прыйсці і паведаміць інфармацыю пра сябе і членаў сваёй сям'і.

Пра што спытаюць?

У праграму перапісу насельніцтва 2019 года ўключаны 49 пытанняў (у перапісе 2009 года іх было 37). Акрамя традыцыйных (дата і месца нараджэння, пол, сямейны стан, грамадзянства, нацыянальнасць, адукацыя, занятасць) будуць і новыя. Напрыклад, ці плануе рэспандэнт выехаць з Беларусі і чаму, прычына, па якой ён не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства. Ёсць у цяперашняй анкеце пытанні аб дадатковай адукацыі, планаванні нараджэння дзяцей (толькі для жанчын ва ўзросце 18 – 49 гадоў).

Упершыню будуць цікавіцца сельскагаспадарчай дзейнасцю – памерам сельскагаспадарчых угоддзяў, колькасцю жывёлы, якая вырошчваецца, і так далей.

– Эканамічная стабільнасць і харчовая бяспека дзяржавы напрамую залежаць ад узроўню развіцця сельскай гаспадаркі. Але ніякае развіццё немагчыма без аб'ектыўных даных аб аграрным патэнцыяле краіны, аб тых, хто жыве і працуе на вёсцы. У Рэспубліцы Беларусь сельскагаспадарчага перапісу не было ні разу. Хоць Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) рэкамендуе іх праводзіць, як і перапіс насельніцтва, адзін раз у 10 гадоў. Да прыкладу, у ЗША і Канадзе гэта робяць раз у пяць гадоў, у Германіі і Нідэрландах – раз у чатыры гады, у Аўстраліі і Новай Зеландыі – кожны год, – расказала Наталля Алегаўна.

Апытанне рэспандэнтаў можа ажыццяўляцца на рускай ці беларускай мовах. Дакументы, якія пацвярджаюць адказы на ўсе пытанні, не патрабуюцца. Інфармацыя ўносіцца са слоў рэспандэнта. Даныя аб непаўналетніх прадастаўляюць бацькі або блізкія сваякі.

У дні перапісу з 9.00 да 21.00 будзе працаваць кол-цэнтр з адзіным нумарам 8−801−100−31−31, дзе можна ўдакладніць усе пытанні, якія цікавяць. Званкі з любога тэлефона бясплатныя.

"Віцебскія весці".