55-ты юбілейны фестываль «Браслаўскія зарніцы» стартаваў у Браславе

Адзін са старэйшых фестываляў краіны «Браслаўскія зарніцы» зноў сабраў разам тых, хто шануе, захоўвае і перадае маладому пакаленню народныя традыцыі, нацыянальную культуру, што ўвабралі ў сябе шматвяковую мудрасць продкаў.

Браслаў напоўніўся музыкай, песнямі, галасамі людзей, што прыехалі на песеннае свята з іншых абласцей краіны, а таксама з Расійскай Федэрацыі і Латвіі. Сярод іх – Заслужаны калектыў народнай творчасці харэаграфічная студыя «Васільковая краіна» і Тэатр народнай песні і танца са Смаленска, узорны харэаграфічны калектыў «Жамчужына» з Вялікіх Лук, ансамбль «Пралескі» з Даўгаўпілса… У кожнага была свая праграма, але ўсе разам, гаспадары і госці, зліліся ў адзін зводны хор, які загучаў шматгалосна, выконваючы гімн «Зарніц» і «Кацюшу».

Развіццё і папулярызацыя вакальна-харавога мастацтва было і застаецца на працягу ўжо 55 гадоў нязменным напрамкам фестывалю. Ён пачынаўся з абласнога агляду-конкурсу дзіцячых і дарослых хароў «Браслаўская харавая асамблея», у якой сёлета свой юбілей – 10-годдзе правядзення ў Браславе.

Адзін за адным змяняліся на сцэне творчыя калектывы з Глыбокага, Полацка і Наваполацка, Лепеля і Сенна, Віцебска і Смаленска. Розным быў іх рэпертуар, манера выканання. Журы выбрала лепшых. Гран-пры дасталася гасцям са Смаленска.

Падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю яго ўдзельнікаў прывіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Іван Галабурда, старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка.

Цёплыя словы на адрас арганізатараў і ўдзельнікаў «Браслаўскіх зарніц» прагучалі ў прывітальных адрасах Міністра культуры Анатоля Маркевіча і старшыні аблвыканкама Аляксандра Суббоціна. Словы падзякі прагучалі на адрас тых, хто стаяў ля вытокаў «Зарніц», зрабіў фестываль папулярным і сёння працягвае захоўваць закладзеныя 55 гадоў таму традыцыі, пажаданні – весела правесці час, сэрцам адчуць сувязь часоў, падсілкавацца сілай роднай зямлі.

Маляўнічай часткай фестывалю стала свята сярэднявечнай культуры. Абрад здабыцця агню, майстар-класы па стральбе з лука, навучанне сярэднявечным танцам, іншыя сюрпрызы ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі і рамеснікаў надавалі дзеям пэўную таямнічасць і відовішчнасць.

Другі дзень фестывалю прысвечаны мастацтву танца. На адкрытым конкурсе «Паазерскія тапоўкі» 19 харэаграфічных калектываў з Віцебскай і Гомельскай абласцей, Магілёва, Смаленска і Вялікіх Лук са званнямі народных, заслужаных або узорных змагаліся за галоўны прыз конкурсу.

У гэты дзень працавала выстава сакральнага тэкстылю з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, адбыўся гала-канцэрт, мясцовыя калектывы забаўлялі людзей на інтэрактыўных пляцоўках, частавалі юшкай, шашлыком, каўбаскамі, блінамі і «дранікамі».

"Віцебскія весці".