8-тонны помнік «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» усталявалі ў Полацку

У дзень пасяджэння нацыянальнага аргкамітэта па правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку пачата ўстаноўка памятнага знака «Полацк – жыватворная крыніца беларускай дзяржаўнасці», які размясціўся на беразе Заходняй Дзвіны каля Сафійскага сабора.

Па словах міністра культуры Барыса Святлова, напярэдадні праца скульптара Уладзіміра Піпіна была зацверджана рэспубліканскім экспертным саветам, атрымаўшы высокую ацэнку.

Кампазіцыя ўяўляе сабой пучок шчытоў, на якіх намаляваны твары знакамітых гістарычных асоб – ад легендарнага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да Усяслава Чарадзея і Ефрасінні Полацкай, а са зваротнага боку адлюстраваны вехі станаўлення дзяржаўнасці.

Шматзначны вобраз, як растлумачыў аўтар, кожны можа прачытаць па-свойму. Адны ўбачаць чашу або паўмесяц, іншыя – калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, або ладдзю, якая плыве па рацэ вечнасці з мінулага ў будучыню.

– Гэта калектыўная праца, – падкрэсліў Уладзімір Піпін, – за якую хочацца сказаць вялікі дзякуй шырокаму колу людзей. У першую чаргу – аўтару архітэктурнай часткі Армену Сардараву. Гэта яго глабальнае прасторавае бачанне дапамагло знайсці дакладнае месца ўстаноўкі знака, звязаць у адзіны комплекс неба, ваду і зямлю. Вялікую дапамогу аказалі доктар гістарычных навук Вольга Леўка, знаўца летапісаў Вячаслаў Чэмярыцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў. Спецыяльны шрыфт для надпісаў на помніку распрацаваў мастак Уладзімір Лукашын. А як стараліся ліцейшчыкі мінскага скуль птурнага камбіната! Дарэчы, ліццё атрымалася ідэальным з першага разу – здавалася, сам Бог дапамагае нам у гэтай працы.

Толькі бронзы на скульптурную кампазіцыю пайшло 1,7 тоны, а ў цэлым вага памятнага знака – 8 тон, вышыня – больш за 5 метраў. Урачыстае адкрыццё намечана на 2 верасня.

Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. «Віцебскія весці».