Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых губернатараў у Віцебскую і Магілёўскую вобласці
Віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін прызначаны старшынёй Віцебскага аблвыканкама, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка ўзначаліць Магілёўскі аблвыканкам.
"Што тычыцца, Аляксандр Міхайлавіч, Віцебскай вобласці. Гэта ваша радзіма, па маіх даных, ды я і сам гэта адчуваю, вы неабыякавыя да яе. Як і ўсе мы да той зямлі, на якой доўгі час працавалі і там, дзе мы людзьмі сталі. Там ваша ўсё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Аляксандр Субоцін непасрэдна прымаў удзел у распрацоўцы новых падыходаў да развіцця Віцебскай вобласці, асабліва па вядзенні сельскай гаспадаркі на тэрыторыі рэгіёна, стварэнні інтэграцыйных структур на базе гаспадарак.
"Мы з вамі як з віцэ-прэм'ерам дамаўляліся аб тым, што сур'ёзна паглядзім, як ідуць справы ў Віцебскай вобласці. Мы больш не можам спакойна глядзець, як вырашаюцца некаторыя пытанні. А вырашаюцца яны не па ўсіх напрамках так, як мы думалі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы дамаўляліся, што за гэту зіму паглядзім некаторыя вытворчыя аб'яднанні - гэтыя інтэграцыйныя структуры - і зробім адпаведныя высновы".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу новага губернатара на вырашэнне раней ускладзеных на яго пытанняў, напрыклад, развіццё Аршанскага мясакамбіната. Аляксандр Субоцін курыраваў гэту вытворчасць яшчэ будучы намеснікам прэм'ер-міністра. Прэзідэнт таксама згадаў Міёрскі металапракатны завод, заўважыўшы, што збіраецца наведаць гэтае прадпрыемства і азнаёміцца з яго працай.
"Так што праблем нямала. Вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы. Але і яшчэ папрашу: вы не "адкідвайце" цяперашняга губернатара. Вы яго вопыт павінны выкарыстоўваць, на якой бы працы ён ні працаваў пасля гэтага. Ні адзін губернатар не застаецца не пры справах: яны ўнеслі свой уклад у развіццё абласцей. Але патрэбны новыя людзі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.