Аляксандр Лукашэнка выступіў на адкрыцці "Дажынак" у Полацку і ўзнагародзіў лепшых работнікаў АПК Віцебскай вобласці

Александр Лукашенко выступил на открытии "Дожинок" в Полоцке и наградил лучших работников АПК Витебской области
У наступнай пяцігодцы трэба канчаткова вырашыць пытанне па Віцебскай вобласці і вызначыць, як дзейнічаць у развіцці АПК. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 лістапада, выступаючы ў Полацку на абласным фестывалі "Дажынкі-2024", перадае карэспандэнт БЕЛТА.



"Мы павінны ў наступнай пяцігодцы канчаткова вырашыць пытанне па Віцебскай вобласці. Вырашыць у станоўчым ключы і вызначыцца, што мы тут будзем рабіць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Нас чакае найцяжэйшая праца. Дапамагаць будзем тым, хто дасць аддачу. Мы не можам закопваць чужыя грошы ў зямлю. Дапамога - гэта мы ў кагосьці возьмем і вам дамо. Простая формула. Узяў - аддай".

Менавіта інтэлектуальныя тэхналогіі павінны стаць у Беларусі лакаматывам прагрэсу.

"Адсутнасць прыродных пераваг і абумоўленыя імі цяжкасці - халодны клімат, складаныя глебы, недахоп выкапнёвых вуглевадародаў - мы павінны кампенсаваць тым, у чым асабліва моцныя, - інтэлектам, мазгамі. І гэта датычыцца не толькі Віцебшчыны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу за пяцігодку падвоіць экспарт ільнопрадукцыі.

"Беларускія спецыялісты навучыліся рабіць добрыя, тонкія тканіны і іншую запатрабаваную на сусветных рынках прадукцыю. Фактычна мы выйшлі на бязводходны вытворчы цыкл. Аднак рэзерваў яшчэ шмат. Зразумела, што ільняныя тканіны будуць карыстацца попытам. Трэба як мінімум наблізіцца да ранейшых, савецкіх аб'ёмаў і за пяцігодку падвоіць экспарт. Тым больш, цэны пайшлі. Гэта ў поўнай меры датычыцца і іншых рэгіёнаў, якія займаюцца вырошчваннем лёну, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Паўтару, патрэбны прарыў. Ад аграрыяў, навукоўцаў, інжынераў. Трэба навучыцца вырошчваць якасны даўгавалакністы лён, пастаянна павялічваць аб'ёмы сыравіны і прадукцыі. Трэба смелей пашыраць сферы прымянення, шукаць спосабы стварэння новых нетрадыцыйных матэрыялаў, напрыклад кампазітных".

Беражлівыя адносіны да прыроды сталі нацыянальным брэндам Беларусі.

"У пагоні за прагрэсам нельга забываць аб экалогіі. Асабліва тут, на Віцебшчыне, якая славіцца як край запаведных лясоў, найчысцейшых блакітных азёр і першародных балот, а гэта кісларод. Мы не павінны сыходзіць ад таго, што стала нацыянальным брэндам, - беражлівыя адносіны да прыроды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным распрацаваць стандартны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў, якія будуць працаваць на сяле.

"Сяло павінна ісці ў нагу з часам. Нам трэба вярнуць у вёску моладзь і прыцягнуць яе да вырашэння інавацыйных задач, стварыць умовы для гэтага і даваць магчымасць праявіць сябе. Нам трэба давяраць моладзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 Ён заўважыў, што ў краіне з'явілася шмат маладых фермераў, яны займаюцца вырошчваннем розных відаў прадукцыі - ад фундука да яблыкаў і кавуноў.

"І калі мы гаворым аб умовах, нельга ігнараваць і матэрыяльныя стымулы. Трэба распрацаваць стандартны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў, якія едуць працаваць на сяло (арэнднае жыллё, фінансавае, транспартнае забеспячэнне і так далей)", - заявіў Прэзідэнт. У Полацку хаця б раз у жыцці трэба пабываць кожнаму беларусу.

"Вялікае, шчодрае свята ўраджаю зноў прыйшло ў слаўны Полацк - скарбніцу зямлі беларускай. У вашым цудоўным горадзе-музеі, дзе кожны камень дыхае гісторыяй, трэба пабываць хаця б раз у жыцці кожнаму беларусу", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што тут тысячу дзвесце гадоў таму пачаўся шматтрудны, найцяжэйшы шлях беларускага народа да ўласнай дзяржаўнасці.

Мір і спакой на беларускай зямлі трэба адстойваць і абараняць усімі сіламі

"Віцебшчына славіцца сваёй старажытнай гісторыяй, прыроднымі прыгажосцямі і традыцыямі, якімі вы даражыце і якія прымнажаеце. А яшчэ гэта легендарны партызанскі край, дзе беражліва захоўваецца памяць пра герояў, што адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Сёння гэта як ніколі важна. Гэтак жа, як мір і спакой на нашай зямлі, цану якім мы вельмі добра ведаем і якія трэба ўсімі сіламі адстойваць і абараняць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 Прэзідэнт узнагародзіў лепшых работнікаў АПК Віцебшчыны. 
Гэта вы - аснова нашага жыцця і нашай бяспекі. Гэта дзякуючы вам мы не ўцягнуліся ў войны і канфлікты.

Дырэктар агракамбіната "Юбілейны" Аляксандр Фірсін атрымаў з рук Прэзідэнта ордэн Працоўнай Славы, а трактарыст-машыніст вытворчасці "Таргуны" Вячаслаў Аніковіч - ордэн Пашаны.

"Я ўручаў узнагароды і падумаў пра тое, што з усіх раёнаў людзі. І гэта ж людзі з лепшых гаспадарак. Значыць, у кожным раёне ёсць узоры добрых гаспадарак. Трэба проста паўтарыць іх вопыт. А чаму нам у гэтых раёнах не пачаць распаўсюджваць гэты вопыт? Ісці трэба заўсёды ад зямлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Віцебскай вобласці можна вершыць вялікія справы.

"Віцебскія весці"