Аляксандр Субоцін і Уладзімір Церанцьеў узялі ўдзел у адкрыцці новай студыі «Радыё Віцебск»

У абласной тэлерадыёкампаніі адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай студыі «Радыё Віцебск». Гасцямі радыётэлевізійнага цэнтра сталі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Студыя цяпер займае два памяшканні, у адным з іх могуць размясціцца радыёвядучыя і госці праграмы, у другім – вядучыя наўнага эфіру, пры гэтым кантэнт зможа перадавацца на тэлеканал «Віцебск». Сучасны інтэр'ер, найноўшае лічбавае абсталяванне сусветнага ўзроўню, якое дазваляе дасягаць найвышэйшай якасці гучання і пры гэтым рабіць напалову менш ручной працы – цяпер усё гэта стала здабыткам работнікаў віцебскага радыё.

 

Аляксандр Субоцін стаў першым госцем абноўленай радыёстудыі і паўдзельнічаў у прамым эфіры. Па словах кіраўніка вобласці, сам ён слухае радыё ў асноўным у машыне, і віцебскае радыё заўсёды ў топе.

– Уражанне ад абноўленай радыёстудыі вельмі пазітыўнае, яркае і незвычайнае, – падзяліўся меркаваннем Аляксандр Субоцін. – Сучаснае рэгіянальнае СМІ – гэта перш за ўсё крэатыўныя людзі, якія цікава і арыгінальна могуць падаць інфармацыю. Абсталяванне можна памяняць, а вось падабраць каманду значна складаней.

Як раз такі калектыў і склаўся на «Радыё Віцебск», якое 14 ліпеня адзначыць свой 24-ы дзень нараджэння.

 

– Хочацца, каб у нашай радыёстудыі з'явіліся новыя твары і галасы, таму мы абвясцілі кастынг, – паведаміла галоўны рэдактар «Радыё Віцебск» Ліяна Сухадолава.

Віцебскай радыёстудыі патрабуюцца энергічныя, вясёлыя, крэатыўныя, якія валодаюць пачуццём гумару, эрудаваныя вядучыя забаўляльных праграм

 

 

 

 

 

 

 

 

 

"Віцебскія весці".