Аляксандр Субоцін узнагародзіў шматдзетных жанчын ордэнам Маці

Александр Субботин наградил многодетных женщин орденом Матери

У аблвыканкаме ўшанавалі шматдзетных жанчын, адзначаных ордэнам Маці. Сімвалічна, што адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі падпісаў напярэдадні Дня сям'і, а ўзнагароджанне адбылося напярэдадні Дня абароны дзяцей.

– Быць мамай – гэта прызванне, – падкрэсліў, звяртаючыся да гераінь сустрэчы, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Віншую вас з заслужанай узнагародай. Нізкі паклон за нялёгкую матчыну працу, за дзетак, якіх вы нарадзілі і выхоўваеце. Мы вас цэнім, і пацвярджэнне гэтаму – высокія дзяржаўныя ўзнагароды.

Сярод тых, хто ўдастоены ордэна, прадстаўнікі розных спецыяльнасцей: юрыст, вайскоўка, жывёлавод, прадавец, касір, хатняя гаспадыня, – але ўсіх аб'ядноўвае адно вялікае каханне да дзяцей. Як адзначалася ў прадстаўленні ўзнагароджаных, усе мамы выхоўваюць годнае пакаленне беларусаў. Адносіны ў сем'ях будуюцца на любові і дабрыні, працавітасці, гуманізме і патрыятызме, прыхільнасці да духоўных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця.

У Вольгі Шамшур з Віцебска тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Старэйшай дзяўчынцы 16 гадоў, а малодшаму два гадкі. З мамай за ўзнагародай прыйшлі два сыночка – Аляксандр і Андрэй.

Мы з мужам вельмі любім дзяцей. Яны наша жыццё. З хатнімі клопатамі спраўляюся дзякуючы старэйшым, і малодшыя далучаюцца. Калі ўборка – бяромся ўсе разам, гатуем абед таксама разам. Адзін аднаму падтрымліваем. Па прафесіі я вайскоўка, у званні старшына. Муж працуе ахоўнікам. Удзячная маме, якая нам дапамагае з дзецьмі, душы ў іх не чуе, – распавядае Вольга.

Ганна Духовіч выхоўвае шасцёрых. Спачатку нарадзіліся пяць дзяўчынак і шостым на радасць – сыночак.

Мой муж са шматдзетнай сям'і – у яго бацькоў было сямнаццаць дзяцей. У маіх – трое. Дзеці – дар Божы і прымаць іх, выхоўваць – вялікая радасць, – лічыць Ганна, якая і з дзецьмі спраўляецца, і на працы на добрым рахунку – працуе адміністратарам у віцебскім кафэ прадпрыемства «МегаЕўратэкс».

Усе 12 мам, якія папоўнілі спіс узнагароджаных ордэнамі, атрымалі падарункі ад грамадскіх арганізацый і спонсараў, кветкі і пацалункі ад сваіх дзетак.

На Віцебшчыне больш за сто жанчын узнагароджаны ордэнам Маці. Каля 600 чалавек адзначаны абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобы-Марчанкі. Усяго шматдзетных сем'яў – больш за 10 тыс., ім прадастаўляюцца каля 20 відаў сацыяльнай падтрымкі. Сямейны капітал з 2015 года прызначаны 15 тыс. жыхарам вобласці, палова з гэтай колькасці скарысталася ім датэрмінова, галоўным чынам на паляпшэнне жыллёвых умоў, а таксама на навучанне і медыцынскія паслугі.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"