Аляксандр Субоцін уручыў шматдзетным сем'ям з Дубровны ключы ад новых кватэр
– Гэта падзея – значная ў жыцці рэгіёна, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Ужо сёння ў новым доме гучыць дзіцячы смех, і гэта цешыць. – Развіваецца сацыяльная інфраструктура, ствараюцца новыя працоўныя месцы, павышаецца ўзровень жыцця людзей – гэта ўсё значны ўклад у будучыню рэгіёна.

Характэрна, што новабудоўля папоўніла шэрагі тыпавых шматпавярховікаў мікрараёна менш чым за год – будаўнікі ўклаліся ў сціслыя тэрміны. У якасці заказчыка выступіла УКС Аршанскага райвыканкама, генеральны падрадчык – будтрэст №18 ААТ «Аршанскі». З 40 кватэр 35 узведзены з дзялёвым удзелам грамадзян, 5 – арэнднае жыллё. На дваровай тэрыторыі размясціліся дзіцячая гульнявая пляцоўка і паркоўка.
– Сёння ў Дубровне ствараюцца ўсе ўмовы, каб жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей і адпачываць, – сказаў падчас урачыстага адкрыцця старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. – Часта гаворым, што добра, калі развітая сацыяльная інфраструктура. Але не менш важна, каб былі працоўныя месцы. З'яўленне жылля дазволіць прыбываць і замацоўвацца ў райцэнтры высокакласным спецыялістам разам з сем'ямі.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што сёлета ў райцэнтры плануецца закладка яшчэ аднаго шматкватэрнага дома. А па генплане забудовы горада ў гэтым мікрараёне прадугледжана 15 шматпавярховікаў. Цяперашні – трэці па ліку.


Утульнасць, удачную планіроўку і свежы рамонт ужо паспела ацаніць шматдзетная сям'я Васіленка з аг. Станіславава. Невялікі вясковы дом муж і жонка і іх трое дзяцей змянілі на камфортабельную кватэру ў новабудоўлі. Для долевага будаўніцтва яны выкарыстоўвалі сродкі сямейнага капіталу.
– Не верыцца, што ўжо ключы ад новага жылля ў руках! – дзеліцца эмоцыямі жанчына. Цяпер на працу ў роднае гаспадарку – СХФ імя Юрыя Смірнова ААТ "Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў" – будзем з мужам дабірацца на службовым транспарце. Добра, што ад Дубровенка нядалёка, за пяць кіламетраў. А дзеці вучацца ў гарадской школе.
Характэрна, што 18 з 31 шматдзетнай сям'і-новасёлаў выкарыстоўвалі сродкі сямейнага капіталу датэрмінова. Усяго ж у Дубровенскім раёне пражывае 158 шматдзетных сем'яў.
Усяго ў 2021 годзе ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю 3,3 тыс. метраў квадратных жылля. Гэта на 2,3 тысячы больш, чым годам раней.


