Аляксандр Хрыстафораў распавёў, якія задачы ставіць сацыяльная служба Віцебскай вобласці на 2022 год

– Бягучы год характарызаваўся многімі станоўчымі тэндэнцыямі ў частцы сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы, занятасці насельніцтва, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння, паляпшэння ўмоў і аховы працы, – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.
Колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку на 1 снежня 2021 года, склала 1181 чалавек, што на 19,3% менш, чым на аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць вакансій, заяўленых наймальнікамі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, – больш за 9 тысяч.
– Аляксандр Мікалаевіч, якая праводзілася работа ў галіне аховы працы?
– Прыняты шэраг кіраўніцкіх рашэнняў, якія дазволілі забяспечыць комплексную і сістэмную працу ў дадзеным напрамку. За 9 месяцаў на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасцей арганізацыямі вобласці зрасходавана звыш 73 млн рублёў. Месячнікі бяспекі працы прайшлі ў лясной і сельскай гаспадарках, будаўніцтве. Эфектыўна працавалі мабільныя групы, якімі было ажыццёўлена амаль 3 тысячы рэйдаў.
Рэалізацыя мерапрыемстваў дазволіла прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарна-гігіенічных нарматываў і палепшыць умовы працы для больш чым трохсот чалавек. Змаглі дасягнуць аднаго з самых нізкіх узроўняў прафесійнай захворвальнасці ў рэспубліцы.
– Адна з тэм, якая найбольш хвалюе людзей, – зарплата…
– За студзень – кастрычнік 2021 года сярэднямесячная заработная плата па вобласці ўзрасла ў параўнанні з 2020 годам на 13,5% і склала 1172,5 рубля. Захавана станоўчая дынаміка росту рэальнай заработнай платы.
– Амаль траціна жыхароў Віцебшчыны – пенсіянеры. Ці стабільна функцыянуе сістэма пенсійнага забеспячэння?
– Яна функцыянуе бесперабойна. Пенсіі штомесяц выплачваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Чатыры разы на працягу года (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) павышаліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі і павышэнні да іх у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Па рашэнні кіраўніка дзяржавы з 1 верасня праведзены пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы, у выніку чаго сярэдні памер працоўнай пенсіі на канец года павялічыўся на 6,7%
Па папярэдніх ацэнках, фактычныя выдаткі на выплату пенсій за 2021 год складуць амаль 2 млрд рублёў.
– Што зроблена за мінулы год па стварэнні камфортных умоў жыцця пажылых і людзей з інваліднасцю?
– На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных сацыяльных устаноў у 2021 годзе накіравана больш за 5 млн рублёў. Закончаны капітальны рамонт адміністрацыйнага і жылых карпусоў Бабініцкага дома-інтэрната Аршанскага раёна, а таксама работы па рэканструкцыі сталовых Полацкага дома-інтэрната, завяршаецца добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Вырабляецца праектная дакументацыя на будаўніцтва новага корпуса Аляксандраўскага дома-інтэрната Шаркаўшчынскага раёна.
У 2022 годзе будуць працягнуты работы па капітальным рамонце аб'ектаў у чатырох установах: Аршанскім, Бабініцкім, Якавіцкім (Аршанскі раён) і Полацкім дамах-інтэрнатах.
Забяспечана даступнасць сацыяльнага абслугоўвання ў маланаселеных і аддаленых пунктах вобласці. У 2021 годзе адкрыты стацыянарныя сацыяльныя пункты ў Наваполацку, Бегамлі Докшыцкага раёна, Друі Браслаўскага, Бычысе Гарадоцкага, Асінторфе Дубровенскага раёна. Таксама адкрыты філіял у Смальянах Аршанскага раёна, аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ў Бешанковічах.
– Якая фінансавая падтрымка дзяржавы аказваецца сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей?
– У органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці выплачваецца дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў і старэй, па доглядзе за дзіцем-інвалідам. Сямейны капітал па стане на 1 снежня 2021 года прызначаны 1,4 тыс. шматдзетным сем'ям. Пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей на кожнае дзіця ажыццяўляецца аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці.
У 2021 годзе матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да навучальнага года аказана больш чым 20 тысячам сем'яў на суму звыш 3 млн рублёў, у тым ліку са сродкаў мясцовых бюджэтаў – больш за 10 тысяч шматдзетным сем'ям на суму 1,5 млн рублёў.
Акрамя таго, у 2021 годзе дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі каля 35 тысяч грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковых мерах сацыяльнай падтрымкі, у тым ліку бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечаны звыш 1,7 тыс. дзяцей першых двух гадоў жыцця.
– Якія задачы ставіце перад камітэтам і падпарадкаванымі ўстановамі на 2022 год?
– Задачай надыходзячага года для нас з'яўляецца, перш за ўсё, захаванне дынамікі развіцця ўсёй сістэмы камітэта і ў першую чаргу росту ўзроўню заработнай платы, забеспячэнне больш эфектыўнай занятасці насельніцтва. Плануем удасканальваць формы сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнага забеспячэння з тым, каб павысіць узровень і якасць жыцця нашых грамадзян.
Высокія вынікі, дасягнутыя ў сферы сацыяльна-працоўных адносін, занятасці, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння жыхароў Віцебскай вобласці – гэта вынікі працы больш чым 6 тысяч работнікаў.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць словы падзякі ўсім супрацоўнікам камітэта, упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, устаноў сацыяльнага абслугоўвання за іх высакародную і нялёгкую працу.
Арганізавана навучанне 447 грамадзян, на аплатных грамадскіх работах задзейнічаны 2878 чалавек. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці з выдзяленнем субсідыі аказана 91 беспрацоўнаму. На новае месца жыхарства і працы пераселены 29 сем'яў беспрацоўных. Арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці 44 інвалідаў.