Аналіз крыві на 60 відаў раку можна здаваць у Віцебску з пачатку чэрвеня

У Віцебску з пачатку чэрвеня можна будзе здаваць аналіз крыві на 60 відаў раку, астатнія вобласці падключацца пазней. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Сяргей Чырвоны.

"Даследаванне ў Віцебскай вобласці пачынаецца з першых чыслаў чэрвеня. На працягу чэрвеня і да пачатку ліпеня будуць падключаны Мінск і Мінская вобласць. А далей паслядоўна астатнія вобласці", - сказаў Сяргей Чырвоны.

Па яго словах, гэта вялікі беларуска-германскі праект па трансферы тэхналогій. У Беларусі ўжо арганізавана вытворчасць усіх рэагентаў. Тэст PanTum Detect дазваляе западозрыць больш за 60 відаў злаякасных пухлін і замяняе каля 200 дыягнастычных даследаванняў. Хваробу дзякуючы гэтаму тэсту можна выявіць на розных стадыях, у тым ліку і нулявой (перадракавыя захворванні). Таксама гаворка ідзе пра магчымасць выяўлення тых паталогій, для якіх зараз няма эфектыўных методык ранняга скрынінгу.

Прынцып працы аналізу PanTum Detect грунтуецца на вывучэнні макрафагаў. "Выконваецца такое даследаванне, як пратачная цытаметрыя. Вылучаюцца клеткі імуннай сістэмы - макрафагі, у якіх выяўляюць рэшткі пухлінных клетак. Гэта клеткі імуннай сістэмы, якія знішчаюць пухліну, якая узнікае ў арганізме. Калі аналіз адмоўны, гэта кажа пра тое, што пухліны ў арганізме няма і далейшае абследаванне не патрэбна. Калі аналіз станоўчы, неабходна даабследаванне з мэтай выяўлення пухліны", - адзначыў Сяргей Чырвоны.

Ён падкрэсліў, што адчувальнасць і спецыфічнасць гэтага аналізу набліжаецца да 100%, гэта значыць тэст вельмі дакладны.

Пункты забору крыві для даследавання апублікуюць на сайце Мінздава ў чэрвені. Спачатку пералік лабараторый будзе дастаткова абмежаваны, але паступова сетка пачне пашырацца. Заборам крыві для гэтага тэсту будуць займацца пэўныя сертыфікаваныя лабараторыі. У канчатковым выніку іх будзе больш за 120 па ўсёй рэспубліцы.

Як патлумачыў Сяргей Чырвоны, патрабуецца навучанне персаналу. Справа ў тым, што забор крыві павінен быць вельмі шчадлівым, каб не разбурыць макрафагі, якія вельмі адчувальныя да ўсякіх уздзеянняў.

БЕЛТА.