Анатоль Ліневіч азнаёміўся з вытворчым працэсам на ААТ «Віцебскдрэў» і сустрэўся з калектывам

Анатолий Линевич ознакомился с производственным процессом на ОАО «Витебскдрев» и встретился с коллективом
16 кастрычніка памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч наведаў ААТ «Віцебскдрэў». Ён азнаёміўся з вытворчым працэсам, сустрэўся з калектывам.

Анатоль Ліневіч заклікаў работнікаў прадпрыемства да канструктыўнага дыялогу, быў гатовы прыняць прапановы як па стварэнні новай Канстытуцыі, так і ў цэлым па развіцці краіны, яе будучыні, што асабліва актуальна напярэдадні Усебеларускага народнага сходу.


Генеральны дырэктар прадпрыемства Юрый Дойлін распавёў пра тое, як развіваецца вытворчасць цяпер, пра найбліжэйшыя планы, якія дазволяць палепшыць эканамічныя паказчыкі работы. У прыватнасці, некаторыя праекты датычацца цэха МДФ, які дае асноўны вал вытворчасці – каля 60 працэнтаў. Гэта мадэрнізацыя лініі абрэзкі, выпуск водастойкіх і агнястойкіх пліт.

– Дадзеная прадукцыя запатрабавана, яе вытворчасць дазволіць пашырыць рынкі збыту і палепшыць эканамічныя паказчыкі, – адзначыў Юрый Дойлін. – Да прыкладу, выпускаемымі намі водастойкімі плітамі зацікаўлены прадпрыемствы, якія працуюць для «Ікеі».

У цэху ДВП плануецца змяненне схемы нагрэву прэса для таго, каб знізіць сабекошт прадукцыі. Таксама прапрацоўваецца пытанне па рэканструкцыі ўчастка лесапілавання з устаноўкай новага абсталявання.

Дырэктар запэўніў, што робіцца ўсё магчымае, каб прадукцыя была прывабнай не толькі для ўнутранага рынку, але і для замежных пакупнікоў. Пэўным паказчыкам якасці кіраўнік лічыць, да прыкладу, факт пастаўкі прадукцыі МДФ у Ірландыю, у буйную кампанію па вытворчасці фасадаў і мэблі. Таксама на працягу апошніх двух гадоў прадукцыя цэха МДФ прызнаецца лепшай у нашай рэспубліцы.

Анатоль Ліневіч завастрыў увагу на тым, што выкананне задуманага, усіх эканамічных паказчыкаў, у першую чаргу, павінна адлюстроўвацца на зарплаце супрацоўнікаў.

– Сярэдні заробкі на прадпрыемстве за верасень перавысілі 900 рублёў. Гэта нядрэнна ў параўнанні з 780 рублямі, якія былі за студзень–жнівень, – адзначыў Анатоль Канстанцінавіч. – Але неабходна дасягнуць сярэдняга заробку па краіне, імкнуцца да мінскіх заробкаў. Кожны чалавек павінен разумець, што наяўнасць працоўнага месца забяспечыць яму дастатак, а значыць, упэўненасць у будучыні.

Памочнік Прэзідэнта пацікавіўся агульнымі настроямі ў калектыве, стаўленнем работнікаў да падзей, якія апошнім часам адбываюцца ў рэспубліцы. Начальнік упраўлення па рабоце з персаналам Марына Лапаценка запэўніла, што супрацоўнікі «Віцебскдрэва» ў пратэстах удзелу не прымалі, а наадварот актыўна падтрымалі акцыі ў падтрымку міру і стабільнасці ў краіне. Яна адзначыла, што ў калектыве ўсе цэняць сваю працу, а кіраўніцтва робіць усё магчымае для забеспячэння сацыяльных гарантый.

Прысутныя на сустрэчы задавалі жыццёвыя пытанні. У прыватнасці, іх цікавілі перспектывы развіцця мікрараёна ДСК, бо многія работнікі з'яўляюцца яго жыхарамі. Стадыён, басейн, добрае транспартнае забеспячэнне дазволяць палепшыць якасць іх жыцця. Гаварылі пра важнасць работы з творчай моладдзю, выяўлення перспектыўных кадраў.

Усяго паступіла 9 пытанняў, на кожнае з якіх, як запэўніў памочнік Прэзідэнта, будзе дадзены адказ. Што б ні хвалявала людзей, яны не павінны заставацца сам-насам са сваімі думкамі і пакідаць іх толькі для абмеркавання на кухні. У грамадстве павінен ісці дыялог. І пытанняў без адказаў не павінна застацца.

"Віцьбічы".