Анатоль Ліневіч сустрэўся з моладзевым актывам Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі

Жывая размова завязалася на дыялогавай пляцоўцы па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у Віцебскім дзяржаўным тэхнікуме электратэхнікі. У размове прынялі ўдзел кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Яўген Семянёнычаў, навучэнцы і выкладчыкі.

Мадэратар сустрэчы – першы сакратар Першамайскага раённага камітэта БРСМ Алег Церашкоў выклаў сутнасць Асноўнага закона, рэферэндуму і прапанаваў маладым людзям уключацца ў размову і задаваць пытанні.

Анатоль Ліневіч спыніўся на такім важным блоку праекта Канстытуцыі, як сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі, у прыватнасці, на гарантыі бясплатнага аховы здароўя.

– Вельмі важна, што дзяржава аказвае бясплатную медыцынскую дапамогу, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта, – што грамадзянам гарантавана права на ахову здароўя і бясплатнае лячэнне. Значным лічу дапаўненне аб тым, што грамадзяне павінны клапаціцца аб захаванні ўласнага здароўя.

Старэйшы выкладчык кафедры гісторыі і тэорыі права Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Маргарыта Козак растлумачыла рабятам, як змяніўся прававы статус дзяржаўных органаў, спынілася на паўнамоцтвах Усебеларускага народнага сходу як вышэйшага органа народаўладдзя, расказала аб увядзенні Адзінага дня галасавання, змяненні патрабаванняў да кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта, растлумачыла, што такое сацыяльная адказнасць.

На пытанне Анатоля Ліневіча «Хто любіць сваю краіну?» рукі падняў увесь зал. Памочнік Прэзідэнта прапанаваў юнакам і дзяўчатам адказаць на няпростае пытанне «Што такое патрыятызм і вышэйшая яго ступень?». Маладыя людзі не прымусілі чакаць і выказалі сваю пазіцыю, сутнасць якой – вучыцца і працаваць на карысць сваёй Радзімы і, калі спатрэбіцца, дзеля яе ахвяраваць сабой.

– Патрыятызм – гэта адказна выконваць свае службовыя абавязкі не толькі для ўласнага дабрабыту, але і для працвітання сваёй краіны, – пацвердзіў Анатоль Ліневіч.

Вытокі патрыятызму ідуць з дзяцінства, калі ты разумееш, дзе табе добра жыць, дзе цябе разумеюць і ты ўсведамляеш, што гэта зямля тваіх продкаў, заўважыў дырэктар каледжа Валерый Каралёў.

Пытанні, якія задавалі навучэнцы каледжа, датычыліся змяненняў, накіраваных на падтрымку моладзі.

– Сёння галоўная задача ўлады – стварыць умовы для самавыяўлення моладзі, – сказаў Анатоль Ліневіч. – На падобных сустрэчах я бачу вялікую зацікаўленасць маладых людзей, яны актыўна ўносяць свае прапановы, задаюць пытанні, і відаць: яны нацэлены на вынік.

У нашай дзяржаве шмат магчымасцей для моладзі рэалізаваць сябе, падкрэсліў спікер.


"Віцебскія весці"