Апарат ШВЛ перададзены Віцебскаму абласному дзіцячаму клінічнаму цэнтру ў рамках акцыі «Нашы дзеці».
– Гэта важны падарунак для ўстановы аховы здароўя ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і сумеснай праекта Беларускага фонду міру і ЗАТ «Паціо» «Дай пяць дабру!», – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. – Самае галоўнае, што гэты апарат вельмі патрэбны дзецям, ён прынясе канкрэтную жыццёва важную дапамогу. Перадаём яго ад усёй душы!
Партатыўны, зручны апарат, як паведаміла галоўны ўрач ВАДКЦ Галіна Пузанава, прызначаны для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні не ў аддзяленні рэанімацыі, а ў саматычным, напрыклад, у хірургічным, эндакрыналагічным. Пры пэўных умовах дзіця з цяжкай паталогіяй, які сам не можа дыхаць, можа быць выпісаны з гэтым апаратам дадому. Спецыялісты цэнтра навучаюць бацькоў, як ім карыстацца, ажыццяўляюць курацыю – не радзей, чым адзін раз на тыдзень, выязджае рэаніматолаг, каб праверыць параметры працы апарата, пракансультаваць, а таксама забяспечыць расходныя матэрыялы для абслугоўвання медыцынскай тэхнікі. Дзіцячы цэнтр мае не адзін такі апарат, але кожны з іх запатрабаваны і жыццёва неабходны маленькім пацыентам, якія маюць патрэбу ў паліятыўным лячэнні.
Як паведаміла дырэктар Віцебскага аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманова, у рамках сумеснай праекта Беларускага фонду міру і ЗАТ «Паціо» «Дай пяць дабру!» плануецца перадаць у дзіцячыя ўстановы аховы здароўя апараты ШВЛ і іншае медыцынскае абсталяванне на агульную суму больш за 1 млн. руб.
У ходзе правядзення акцыі «Нашы дзеці» па Віцебскай вобласці падарункі ад фонду атрымаюць дзеці Наваполацка, Браслава, Росанаў і іншых населеных пунктаў на суму больш за 10 тыс. рублёў.