Белстат: максімальная задача перапісу - яго пройдзе больш за 98% насельніцтва, звыш 25% - праз інтэрнэт
Адна з галоўных задач перапісу - даведацца максімальна дакладную колькасць насельніцтва краіны. Белстат разлічвае, што з выкарыстаннем усіх цяперашніх навацый атрымаецца перапісаць максімальную колькасць людзей. "Цяпер рыхтуецца загад аб зацвярджэнні мэтавых паказчыкаў для ацэнкі правядзення і якасці перапісу. Для сябе мы ўстанаўляем: больш за 98% перапісаных - выдатна, 95-98% - добра, менш за 95% - здавальняюча. Удзельная вага колькасці насельніцтва, якое перапісалася праз інтэрнэт: больш за 25% - выдатна, 20-25% - добра, менш за 20% - здавальняюча", - растлумачыла Інна Мядзведзева.
Дарэчы, на 1 жніўня ў Беларусі пражывалі 9 млн 454,1 тыс. чалавек.
"Перапіс дае карэктную інфармацыю аб колькасці насельніцтва, колькасці хатніх гаспадарак, сем'ях (колькі, якія яны, уся дэмаграфічная раскладка). І гэта дазваляе карэктна выбудаваць працу ўсёй дзяржавы. Мы даем унікальную інфармацыю аб тым, як размешчаны працоўныя рэсурсы, чаму насельніцтва не працуе ў адным горадзе, а едзе ў іншы і г.д. Раз у дзесяць гадоў мы атрымліваем інфармацыю аб фактычнай беспрацоўнасці. Штоквартальна публікуем даныя выбарачнага абследавання па вывучэнні занятасці, у якім удзельнічае невялікі працэнт насельніцтва. Самае галоўнае, што мы атрымліваем, - прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Наступныя 10 гадоў будзем будаваць разлікі і прагнозныя параметры, абапіраючыся на даныя перапісу", - абазначыла важнасць правядзення гэтай працэдуры Іна Мядзведзева. Пры гэтым яна выказала пазіцыю, што ў Беларусі няма неабходнасці ўводзіць нейкія штрафы ў дачыненні да тых, хто катэгарычна адмаўляецца перапісвацца. Тым больш што пробны перапіс паказаў адкрытасць насельніцтва.
З 4 па 30 кастрычніка ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам "Погляд на сучаснасць - крок у будучыню". Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці.
Перапісацца можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць анкеты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка.
Месцы для стацыянарных участкаў амаль усюды вызначаны. Інфармацыя аб адрасах будзе размешчана на сайце Белстата, тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі, верагодна, па просьбе камітэта праінфармуюць жыхароў раёнаў і сайты райвыканкамаў. Таксама ёсць дамоўленасць з ЖКГ аб інфармаванні насельніцтва праз жыроўкі.
Паралельна з 4 па 18 кастрычніка будуць працаваць мабільныя стацыянарныя ўчасткі. То бок усе арганізацыі, якія пажадаюць прыняць у сябе перапісчыкаў (пазней яны выйдуць ужо па хатніх адрасах), могуць накіраваць заяўкі. І такіх ужо зараз аказалася нямала.
Іна Мядзведзева дадала, што Белстат нацэліў органы дзяржаўнага кіравання перапісацца праз інтэрнэт. Дарэчы, гэта стане зручным спосабам і для беларусаў, якія часова знаходзяцца за мяжой (калі чалавек пражывае менш за год за межамі краіны, перапісацца ён абавязаны, але гэта могуць зрабіць за яго і паўналетнія сваякі).
"Мы рыхтуем і перапісчыкаў у арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, закрытых установах. Гэта работнікі гэтых арганізацый, якія ўжо прайшлі навучанне, - адзначыла кіраўніца Белстата. - Для кіраўнічага складу мы правялі навучальны семінар на базе Белстата. Астатнія пройдуць навучанне з 17 верасня ў тэрытарыяльных органах дзяржаўнай статыстыкі". Яна дадала, што ў спецыялізаваных, спецыяльных установах закрытага і адкрытага тыпаў будуць працаваць каля 2,7 тыс. перапісчыкаў.
У сукупнасці ўсе новыя падыходы да правядзення перапісу дапамогуць скараціць у тры разы колькасць перапіснога персаналу, амаль столькі ж разоў паменшыць час запаўнення перапіснога ліста. І, вядома, павысіць якасць працэдур. Дапаможа пры правядзенні перапісу і спецыяльны кол-цэнтр, у які можна звярнуцца з любымі пытаннямі па тэме. Ужо зараз працуе промасайт перапісу па адрасах www.перепись.бел і www.census.by, дзе можна азнаёміцца з данымі кампаніі 2009 года і знайсці карысную інфармацыю і парады аб маючай адбыцца падзеі.
Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат прадаставіць у лютым 2020 года. Разгорнутую па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, у тым ліку фактычнай беспрацоўнасці, - у ліпені 2020 года, а інфармацыю па самай складанай частцы анкеты - дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі - у ліпені 2021 года.