Больш за 60 маладзёжных распрацовак прадстаўлена на абласным туры «100 ідэй для Беларусі» у Віцебску
Маладзёжнай тэрыторыяй інавацый і ініцыятыў стаў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. У абласным туры конкурсу свае распрацоўкі прэзентавалі ў дзесяці намінацыях: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі», «Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, біё- і нанаіндустрыя)», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», «Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)», «Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый», «Грамадства і сацыяльная сфера», «Лепшая бізнес-ідэя».
– 13 гадоў таму на ўзроўні краіны было прынята правільнае рашэнне аб рэалізацыі маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі». Ініцыятывы маладых новаватараў павінны падтрымлівацца дзяржавай, мясцовымі органамі ўлады. Кожная прадстаўленая распрацоўка заслугоўвае асаблівай увагі і прафесійных рэкамендацый, – адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. – Для мяне важна развіццё нашага рэгіёна з пункту гледжання інавацыйнасці, высокатэхналагічнасці, новых прарыўных ідэй. Праекты, прадстаўленыя на абласным этапе, цікавыя, дзесьці патрабуецца дапрацоўка, палічыць эканамічны эфект, але ёсць і зусім гатовыя прадукты, якія ўжо сёння можна ўкараняць на прадпрыемствы, у арганізацыі. Сумесна з камітэтам эканомікі аблвыканкама мы зможам дапрацаваць інавацыйныя прадукты, укараніць іх як мінімум на ўзроўні раёнаў, паколькі вельмі шмат праектаў патрыятычных, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, развіццю рэгіёна, турыстычнага патэнцыялу, сельскагаспадарчых.
Навучэнцы Мошкаўскай СШ імя А. Гарацкага Сенненскага раёна Ганна Загорская і Васіліна Валодзькіна распрацавалі рэцэптуру хлеба з грыба чагі. Па словах юных наватараў, гэты прадукт дзякуючы карысным уласцівасцям будзе карысны тым, хто пакутуе ад алергіі, худнеюць або вегетарыянцам.
– Чага расце на бярозе. Мы даведаліся, што ёсць такая рэцэптура, але яна не распаўсюджана ў Беларусі, – расказала Ганна Загорская. – Спачатку спяклі хлеб з дадаткам гэтага грыба, потым пачалі эксперыментаваць: прыгатавалі варэнне і мармелад. Першыя пробы зрабілі дома, потым прэзентавалі ідэю ў школе. Затым нас запрасілі на форум «БелЭкспа» у Мінску.
Навучэнцы Асвейскай СШ Верхнядзвінскага раёна Арцём Біллей і Дар'я Русак прадставілі праект па стварэнні летняга турыстычнага лагера ў гарпасёлку Асвея.
– Верхнядзвіншчына – адзін з самых пацярпелых раёнаў Віцебшчыны ад Вялікай Айчыннай вайны. Асноўная стаянка лагера ў гарпасёлку Асвея – гэта паляна каля старадаўняга парка. Яе мы выбралі з-за блізкасці знаходжання гістарычна значных месцаў, побач размешчаны руіны палаца Шадурскіх, месца расстрэлу Асвейскага гета і інш. Праект прадугледжвае і паходную дзейнасць па пяці напрамках. Лагер будзе аб'ядноўваць 10–15 дзяцей з пятага па дзявятыя класы, якія хочуць прайсці маршрутамі і папрацаваць на карысць сваёй Радзімы. У цяперашні час ужо ёсць заяўка з Браслаўскага раёна, – расказалі ўдзельнікі.
Навучэнец віцебскай гімназіі № 3 імя А. Пушкіна Кірыл Розноўскі прадставіў праект «Ежа за бортам». Ён прапануе выкарыстоўваць харчовыя адходы сталовых установы адукацыі як крыніцу аднаўляльнай энергіі.
Імёны пераможцаў, якія ўвойдуць у рэспубліканскі фінал праекта «100 ідэй для Беларусі», члены журы назавуць сёння падчас падвядзення вынікаў.
Арганізатарам тура з'яўляецца абласны камітэт БРСМ пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, камітэта эканомікі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод», ААТ «Белаграпрамбанк».