Чым парадуе і здзівіць аматараў танца модерн IFMC 2023, расказалі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці
– Фестываль чакаюць і гледачы, і харэографы, і танцоры. Гэта бачна па шматлікіх заяўках, якія паступаюць ад калектываў, і па ажыятажы ў білетных касах, – адзначыў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.
Глеб Лапіцкі таксама падкрэсліў, што IFMC прыцягвае ўвагу да Віцебска як цэнтра развіцця элітарнага мастацтва і даказвае, што ў нашым горадзе могуць рэалізоўвацца праекты сусветнага ўзроўню.
Якім жа будзе сёлетні, трыццаць чацвёрты па ліку фестываль? Чым парадуе і здзівіць аматараў танца модерн? Пра гэта расказала стваральнік праекта і душа IFMC – намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская.
Сёлета пройдзе нацыянальны конкурс. Радуе, што ў Беларусі за апошнія гады значна вырасла дыяспара танцуючых, якая ўсё ярчэй заяўляе пра сябе.
– На папярэдні адбор было даслана больш за 40 твораў, у выніку засталося 25, якія паказалі годны ўзровень. Некаторыя працы прыемна здзівілі, напрыклад, пастаноўкай у стылі тэатра абсурду, – расказала Марына Раманоўская.
У гасцявой праграме выступяць Балет «МОСКВА», які прадставіць вынік лабараторыі сучаснага танца і спектакль «Усе шляхі вядуць на Поўнач», Тэатр «Балет Яўгена Панфілава» з двума пастаноўкамі: «Прынц і жабрак» і «Рамэа і Джульета», Тэатр сучаснага танца «КАННОН ДАНС» з Санкт-Пецярбурга з балетамі «Куб невыражальны» і «Без сэрца» і Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр са спектаклем «Дакрананне. Маленькая гісторыя пра тое, што ўнутры… і ўсё». Дарэчы, апошні паставіла віцебскі харэограф Дыяна Юрчанка.
У журы, якое сёлета ўзначаліў саліст Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў, увайшлі прадстаўнікі Паўночнай Македоніі, Харватыі, Італіі.
Традыцыйна ў фестывальнай праграме майстар-класы, лекцыі аб сучасным мастацтве, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі, адкрытыя дыскусіі, а таксама выставы: жывапісных работ Аляксандра Салаўёва і фота Ігара Гусакова, які ўжо 30 гадоў здымае фестываль. Цікава, што фатаграфіі можна будзе ўбачыць, ужо падыходзячы да канцэртнай залы «Віцебск», прысеўшы на ўсталяваныя інтэлектуальныя лаўкі з убудаванымі панэлямі.
XXXIV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе з 22 па 26 лістапада 2023 года. Галоўнай падзеяй IFMC стане рэспубліканскі конкурс, у якім заяўлена 200 удзельнікаў. У складзе канкурсантаў, членаў міжнароднага журы і экспертнага савета прадстаўнікі дзесяці краін свету.