Дэлегацыя Віцебскай вобласці прадставіла рэгіён на Сусветнай выстаўцы ў Дубаі

Делегация Витебской области представила регион на Всемирной выставке в Дубае
Прэзентацыя Віцебскай вобласці адкрыла дзелавую праграму Беларусі на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПО 2020», якая стартавала 1 кастрычніка ў Дубаі (ААЭ).

У склад афіцыйнай дэлегацыі рэгіёна на чале з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Алегам Мацкевічам увайшлі кіраўнікі СЭЗ «Віцебск», ДА «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты», а таксама каля дзесяці вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, нафтахімічнага комплексу, дрэваапрацоўкі, вытворцы электратэхнічнай прадукцыі і IT-тэхналогій.

Выстаўка «Экспа» праводзіцца раз на пяць гадоў і з'яўляецца адной з самых маштабных падзей выставачнай індустрыі планеты, дзе краіны-ўдзельніцы прадстаўляюць апошнія дасягненні, вынаходствы і тэхналогіі. У мінулым годзе яна не адбылася з-за пандэміі COVID-19. Мерапрыемства перанеслі на бягучы год. Цэнтральнай тэмай экспазіцыі ў нацыянальным павільёне вызначана як «Лес тэхналогій будучыні». Мэта — прадставіць Беларусь як краіну не толькі з багатымі прыроднымі рэсурсамі, але і высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу, які ў сваю чаргу з'яўляецца асновай для стварэння інавацыйных прадуктаў. І прэзентацыя Віцебшчыны пацвердзіла гэтыя сэнсавыя канструкцыі канкрэтыкай сённяшняга дня паўночнага рэгіёна краіны.

Як паведаміў першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны, удзельнікі дэлегацыі правялі прэзентацыю гандлёва-эканамічнага, прамысловага і інвестыцыйнага патэнцыялу Віцебшчыны, прадставілі магчымасці для супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы. Асаблівы акцэнт зроблены на кліматычных асаблівасцях і прыродных рэсурсах рэгіёну, што стварае надзейную аснову, у прыватнасці, для развіцця аздараўленчага турызму і стварэння адпаведнай інфраструктуры з улікам азіяцкіх культурных асаблівасцей.

— Перш за ўсё, гэта іміджавае мерапрыемства, якое дае магчымасць заявіць пра Віцебшчыну і Беларусь у цэлым як пра надзейнага і перспектыўнага партнёра. Наведвальнікі з розных краін атрымаюць магчымасць лепш пазнаёміцца з нашай нацыянальнай самабытнасцю, гісторыка-культурнай спадчынай, ацаніць дасягненні. А яшчэ гэта пляцоўка для пошуку стратэгічных партнёраў, новых рынкаў збыту, прыцягнення інвестыцый, у прыватнасці, у высокатэхналагічныя і навукаёмістыя галіны, — адзначыў Канстанцін Чорны. Акрамя таго, удзел у «Экспа» дазваляе вывучыць міжнародны вопыт па развіцці перспектыўных тэхналогій, адаптаваць прадпрыемствы да новых фарматаў міжнароднага гандлю і вядзення бізнесу.

Наведвальнікі беларускага павільёна азнаёміліся з асаблівасцямі функцыянавання і льготным рэжымам беларускіх свабодных эканамічных зон, даведаліся пра эканамічны і лагістычны патэнцыял СЭЗ “Віцебск”. Як паведамілі ў адміністрацыі СЭЗ, актыўнае садзейнічанне ў прасоўванні інвестыцыйных магчымасцей Віцебшчыны ў азіяцкім рэгіёне аказвае афіцыйны прадстаўнік СЭЗ «Віцебск» у краінах Азіі і Блізкага Усходу Прыянш Джха. У выніку цікавасць да рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі СЭЗ «Віцебск», у прыватнасці, па вытворчасці пажарна-тэхнічнай прадукцыі, праявілі прадстаўнікі бізнесу азіяцкага рэгіёну, што было пацверджана падпісаннем пратаколаў аб намерах.

Для ААТ «Полацк-Шкловалакно», якое працуе з дзясяткамі краін на пяці кантынентах свету, удзел у выставе прызваны падкрэсліць яго імкненне да развіцця партнёрскіх сувязяў, будзе спрыяць павышэнню дасведчанасці брэнда, адзначылі ў аддзеле маркетынгу акцыянернага таварыства. Пазіцыянаванне высокага ўзроўню вытворчасці важна для кампаніі, якая ставіць перад сабой амбіцыйныя вытворчыя мэты і пастаянна нацэлена на дыверсіфікацыю рынкаў збыту.

Холдынг «Белвест» выкарыстаў пляцоўку «Экспа» для прасоўвання рабатызаваных праграмна-апаратных комплексаў, якія вырабляюцца адным з удзельнікаў холдынгу ТАА «ЛАЦІТ». На аснове комплексных інтэграваных рашэнняў па рабатызацыі кампанія стварае лічбавую фабрыку новага пакалення і ўжо прапрацоўвае магчымасці па экспарце тэхналагічных рашэнняў, якія ў будучыні могуць стаць асноўным прадуктам холдынгу.

Паводле даных беларускай амбасады ў ААЭ, падчас прэзентацыі Віцебшчыны таксама прайшлі перамовы з эмірацкімі гандлёвымі партнёрамі, падчас якіх абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферы турызму, паставак беларускай малочнай прадукцыі ў ААЭ, іншыя краіны рэгіёну, рэалізацыі супольных праектаў у нафтахімічнай галіне.

Удзел Віцебскай вобласці гэтым не абмежаваўся. Для гасцей і наведвальнікаў беларускага павільёна своеасаблівым гідам па нацыянальнай культуры стаў ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» абласной філармоніі. Трэба сказаць, што віцебскі калектыў з'яўляецца досвечаным гульцом міжнароднай творчай дыпламатыі. Паездка на «Экспа» ў Дубай — трэцяя ў біяграфіі калектыву, які прадстаўляў нашу краіну таксама на Сусветнай выставе ў Шанхаі (2010 год) і Мілане (2015). На гэты раз аснову праграмы склалі беларускія народныя песні і танцавальныя кампазіцыі, якія найбольш ярка прадставілі традыцыі нацыянальнай культуры. Для паездкі ансамбль падрыхтаваў і сюрпрыз, уключыўшы ў рэпертуар дзве песні на арабскай мове.

— Важна было не толькі прадставіць лепшыя ўзоры нацыянальнай культурнай традыцыі, але і забяспечыць візуальную разнастайнасць прадстаўлення, задаць патрэбную танальнасць працы ўсяго беларускага павільёна, — адзначыла дырэктар дзяржаўнай канцэртнай установы «Віцебская абласная філармонія» Алена Падаляк.

З улікам таго, што выстава — гэта пераважна іміджавае мерапрыемства, прадстаўнікі творчай індустрыі сталі важнымі ўдзельнікамі віцебскай дэлегацыі на міжнароднай пляцоўцы ў ААЭ, якая завершыць працу 31 сакавіка 2022 года.

"Віцебскія весці"