Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі адзначылі ў Віцебску
Гэтае свята святое для кожнага патрыёта Беларусі. Нашы дзяды і прадзеды не раз бралі ў рукі зброю, абараняючы родную зямлю ад ворагаў. Армія і народ у адзіным страі адстойвалі свабоду Айчыны і, нягледзячы на страты і пазбаўленні, заўсёды з годнасцю выходзілі з цяжкіх сітуацый, дабіваючыся поспехаў у бітвах і аднаўленні народнай гаспадаркі пасля разбуральных ваенных баталій.
Асаблівая старонка гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. Подзвіг савецкіх салдат, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу назаўжды застанецца ў памяці нашчадкаў як прыклад беспрэцэдэнтнай стойкасці і мужнасці. Наш край навекі праславілі такія яго сыны, як Пётр Машэраў, Аляксандр Гаравец, Мінай Шмыроў, Леў Даватар. Усяго за гады Вялікай Айчыннай звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены каля 130 ураджэнцаў Віцебшчыны. Сёння вайскоўцы, застаючыся вернымі традыцыям папярэдніх пакаленняў, здольныя ў выпадку неабходнасці даць адпор агрэсару.
Мерапрыемствы, прысвечаныя святу, прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці. Прадстаўнікі ўлады і грамадскасці наведалі мемарыяльныя месцы, у дамах культуры і ўстановах адукацыі былі арганізаваны святочныя канцэрты. У Віцебску кіраўніцтва аблвыканкама і адміністрацый раёнаў горада, дэлегаты ад працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і моладзі сабраліся на плошчы Перамогі. Ля манумента савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам адбылася цырымонія ўскладання вянкоў і кветак.
— Мы аддаем дані пашаны воінам, якія загінулі, дзякуючы якім мы сёння жывем у мірнай і свабоднай краіне. Таксама выказваем удзячнасць цяперашнім вайскоўцам, — сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. — Цяпер паняцце абаронцы Айчыны стала шырэйшым. Гэта не толькі мужчыны ў пагонах, але і кожны, хто працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях на карысць радзімы.
У гонар воінаў, якія загінулі, прагучалі залпы гармат.
Акрамя таго, у абласным цэнтры адбыўся аўтапрабег з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Дзясяткі аўтамабіляў праехалі ад брацкай магілы савецкіх воінаў на могілках у Лучосе і воінскіх пахаванняў на Успенскай горцы і вуліцы Цітова да плошчы Перамогі.