Дэпутаты Віцебскай вобласці зацвердзілі павелічэнне даходнай часткі абласнога бюджэту амаль на 45 млн рублёў
Асноўнай крыніцай пашырэння магчымасцей абласной казны стала эфектыўная праца рэальнага сектара эканомікі. За кошт гэтага, як паведаміў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Генадзь Грэбнеў, чакаецца перавыкананне плана ўласных даходаў бюджэту больш чым на 36,5 млн рублёў. Акрамя таго, у зацверджанай прыбаўцы ёсць трансферты з рэспубліканскага бюджэту на 8,3 млн руб.
Выдаткоўваць іх вырашылі наступным чынам. Арганізацыі АПК атрымаюць у выглядзе субсідый больш за 30 млн рублёў на набыццё паліўна-матэрыяльных каштоўнасцей для своечасовага завяршэння палявых работ у бягучым годзе, а таксама разлікаў па лізінгавых плацяжах за абнаўленне парку сельгастэхнікі.
На ахову здароўя будзе накіравана звыш плана 4 млн рублёў у асноўным на набыццё лекавых сродкаў і вырабаў медназначэння. Як адзначыў Генадзь Грэбнеў, у бягучым годзе на патрэбы галіны будуць накіроўвацца сродкі мясцовага збору за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы. На
Віцебшчыне такі плацёж уведзены з 1 жніўня на перыяд да 1 студзеня 2023 года і выплачваецца ў даход абласнога бюджэту. Па дадзеных на пачатак кастрычніка сабрана ўжо каля 63 тыс. рублёў, а ўсяго па выніках года паступленні прагназуюцца ў памеры звыш 100 тыс. руб. Збор спаганяецца пры выездзе з краіны ў пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй («Грыгараўшчына», «Гаўрыліна», «Урбаны», «Плюсы») і Літвой («Відзы», «Мальдэвічы», «Лынтупы») у Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Пастаўскім раёнах.
Акрамя таго, частка дадатковых сродкаў плануецца для выдзялення сацыяльным установам на аплату камунальных паслуг, а таксама для бесперабойнага забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. У ліку атрымальнікаў звышпланавых рэсурсаў праваахоўныя органы (для фінансавання работ па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху), шэраг райвыканкамаў.
Міжбюджэтныя трансферты з рэспубліканскага бюджэту накіроўваюцца камітэту па архітэктуры і будаўніцтве на рамонт мясцовых дарог (амаль 5,6 млн) і фінансаванне расходаў па стварэнні інжынернай і транспартнай інфраструктуры (каля 4,7 млн).
Па асобных напрамках унесены змены і пераразмеркаваны расходы абласнога бюджэту на падставе просьбаў распараджальнікаў і атрымальнікаў рэсурсаў казны. У прыватнасці, такім чынам гарадскім і раённым выканкамам выдзелена каля 765 тыс. рублёў на субсідаванне аўтобусных пасажырскіх перавозак.