Дзіцячаму дому сямейнага тыпу з Расонскага раёна падарылі міні-трактар «Беларус»
Супругі Котавы выхоўваюць цяпер шасцярых дзяцей, якія засталіся без апекі біялагічных бацькоў. І, як аказалася, гісторыя такога нетрадыцыйнага навагодняга сюрпрызу для іх вельмі неардынарная. Год таму, у рамках акцыі «Нашы дзеці» віншуючы выхаванцаў гэтага сямейнага дзіцячага дома з надыходзячым святам, Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў выпадковую рэпліку. Прыёмны бацька, Анатоль Анатольевіч, распавядаў тады пра тое, як разам з жонкай прывучае дзяцей да працы на зямлі. Сам усё жыццё працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам, жонка таксама знатная агародніца. Выгадавалі дваіх уласных дзяцей, падрастаюць чацвёра ўнукаў – усе людзі старанныя, працавітыя. А цяпер пад чулым кіраўніцтвам дарослых, з задавальненнем займаюцца вырошчваннем гародніны і шасцёра выхаванцаў – шаснаццацігадовая Даша, чатырнаццацігадовыя Ігар і Руслан, дванаццацігадовая Юля, адзінаццацігадовы Андрэй і нават трохгадовы Данііл.
– Нам бы трактар, – памарыў тады уголас Анатоль Котаў. – Можна было б і зямельны надзел павялічыць – цяпліцы, градкі, сад… Плошчаў ужо не хапае, хоць цалкам забяспечваем сваю сям’ю ўсім неабходным – не толькі гароднінай, але і ягадамі, садавіной. Жонка, Ганна Леанідаўна, разам з дзяўчатамі варэнне варыць, кампаты нарыхтоўвае. Прадукты смачныя, экалагічна чыстыя. Яшчэ і суседзяў частуем. Апрацоўваем прыкладна паўгектара, але мы б і гектар пацягнулі. Хацелася б і падсобную гаспадарку павялічыць – пакуль толькі куры ды качкі. Але толькі праблема ў тым, што голымі рукамі шмат не зробіш…
Што ж, мары павінны збывацца. І вось яна, тэхніка-мара, бліскучая свежай фарбай, упрыгожаная бантамі і яркімі паветранымі шарыкамі, прыбыла проста ў двор. У дадатак да «Беларуса» ў дзіцячы дом сямейнага тыпу даставілі і прычапны інвентар – спецыяльны трохкорпусны плуг. Дарэчы, гэты прыгожы двухпавярховы катэдж, дзе і прапішацца трактарачок, быў пабудаваны тут, у цэнтры Клясціц, сем гадоў таму. Старэйшыя выхаванцы сям’і Котавых і былі першымі навасёламі. Разам з дарослымі разбівалі клумбы, добраўпарадкоўвалі дзіцячую пляцоўку, упрыгожвалі сядзібу фігуркамі пацешных мультыплікацыйных герояў.
… Такім чынам, збылося! Кампактны міні-трактар чырвонага колеру ласкава фыркае маторам і падміргвае фарамі. Першым за руль садзіцца трохгадовы Данііл. Задаволены…
– Падарунак са сэнсам, – усміхаецца Уладзімір Церанцьеў. – Няхай дзеці, якія растуць тут у клопаце і ўвазе, вучацца моцна стаяць на нагах, любіць сваю малую радзіму, быць самастойнымі ва ўсіх справах. І першыя працоўныя навыкі, атрыманыя тут, у сямейным дзіцячым доме, стануць выдатным фундаментам для пабудовы ў будучыні іх уласных моцных і надзейных сем'яў.
Ёлка, салодкія падарункі і святочны стол – у гэты дзень дзяцей чакалі і іншыя сюрпрызы. Няхай жа і далей іх жыццё будзе шчодрым на радасныя падзеі і шчырую любоў.