Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы

У канферэнц-зале Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна прайшла дыялогавая пляцоўка актыву арганізацыйных структур грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый Віцебска з удзелам кіраўнікоў органаў улады. Адбылося абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

На пачатку зацікаўленай размовы, якая нікога не пакінула ў зале абыякавым, старшыня каардынацыйнага савета гарадскіх структур грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, старшыня гарадскога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Ларыса Аленская падкрэсліла, што Беларусь была і застаецца краінай сацыяльных гарантый. Каб так было і надалей, неабходна ўсім нам праявіць грамадзянскую свядомасць і прыняць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме па канстытуцыйнай рэформе.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў закрануў шэраг змяненняў і дапаўненняў, якія прапануецца ўнесці ў Асноўны Закон, і на простых прыкладах з рэальнага жыцця паказаў, наколькі яны важныя сёння.

Старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч распавёў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё горада за мінулы год, перспектывы на найбліжэйшую будучыню. Эканоміка Віцебска жыве і развіваецца, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія фактары. Абнаўленне Канстытуцыі, у выпадку яе адабрэння народам, зробіць нашу краіну яшчэ мацнейшай і закладзе аснову дабрабыту заўтрашняга дня.

Дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» кандыдат гістарычных навук Аляксандр Дзядзінкін распавёў пра этапы канстытуцыйнага развіцця ў суверэннай Беларусі, пераканаўча абгрунтаваў кожную папраўку ў Асноўны Закон.

Выступілі шэраг кіраўнікоў грамадскіх аб'яднанняў горада. Яны былі аднадушныя ў меркаванні, што змяненні і дапаўненні Канстытуцыі своечасовыя і адпавядаюць рэаліям дня. Грамадзянін і дзяржава адказныя адзін перад адным. Ажыццяўленне гэтага прынцыпу ўзаемнай адказнасці дазволіць захаваць сацыяльна-палітычную стабільнасць у краіне і забяспечыць яе развіццё.