Для Віцебскай вобласці бягучая пяцігодка стане ўсенароднай будоўляй у АПК
Сёння доля АПК у валавым рэгіянальным прадукце вобласці складае 20% і супастаўная аб'ёму прамысловай вытворчасці (без уліку нафты і энергетыкі). Як адзначыў кіраўнік вобласці, таму рэгіянальнае развіццё шмат у чым залежыць ад развіцця вёскі. У раёнах вобласці выручка ў асноўным фарміруецца за кошт аграпрамысловага комплексу. Пры гэтым стрымліваючым фактарам паскоранага развіцця галіны з'яўляецца невысокі ўзровень яе мадэрнізацыі пры праблеме дэфіцыту працоўных рэсурсаў, якая штогод пагаршаецца.
— Таму першачарговымі задачамі на гэту пяцігодку застанецца павышэнне прэстыжу працы на вёсцы, замацаванне кадраў, далейшае развіццё аграпрамысловых аб'яднанняў, будаўніцтва новых і мадэрнізацыя існуючых жывёлагадоўчых комплексаў, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў. — Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў для Віцебскай вобласці механізм фінансавання будаўніцтва аб'ектаў сельскагаспадарчага прызначэння гаспадарчым спосабам і спрашчэнне працэдуры іх уводу ў эксплуатацыю.
За пяцігодку ў рэгіёне неабходна аднавіць 15 жывёлагадоўчых комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы, 20 свінакомплексаў, тэрмін эксплуатацыі якіх звыш 30-40 гадоў з цалкам зношаным абсталяваннем, а таксама шэраг малочна-таварных ферм. Для строгага захавання тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы неабходна мадэрнізацыя аб'ектаў з прымяненнем найноўшага абсталявання і тэхнікі. У выніку ў сельскай гаспадарцы плануецца павялічыць аб'ёмы вытворчасці валавой прадукцыі больш чым на чвэрць да ўзроўню 2020 года.
Акрамя таго, у бягучую пяцігодку трэба будзе скараціць залежнасць ад вуглевадароднай сыравіны не менш чым на 15%, павялічыць экспартны патэнцыял у 1,3 раза, запусціць новы інвестыцыйны цыкл за кошт «праектаў будучыні» і рэалізацыі ў рэгіёнах як мінімум 143 вытворчых інвестпраектаў на суму больш за 5 млрд. рублёў.
Асноўныя кропкі росту прамысловага комплексу на перспектыву да 2025 года будуць абапірацца на максімальнае раскрыццё патэнцыялу галін, перш за ўсё за кошт паглыбленай перапрацоўкі мясцовай сыравіны. У прыватнасці, у гэтым аспекце ёсць вялікі рэзерв у дрэваапрацоўцы як на дзейных прадпрыемствах, так і дзякуючы пачаткоўцам галіны, у тым ліку рэзідэнтам СЭЗ «Віцебск» (ТАА «ВМГ ВудАрт» і ТАА «Акітама»). Працягнецца мадэрнізацыя арганізацый харчовай прамысловасці, для загрузкі іх магутнасцей трэба будзе развіваць сыравінныя зоны. Выніковасць лёгкай прамысловасці будзе забяспечвацца за кошт мадэрнізаваных вытворчасцей на Віцебскім футравым і Аршанскім льнакамбінаце, а таксама ўкараненнем рабатызаваных комплексаў на «Белвесте». У машынабудаванні, металургіі, фармацэўтычнай галіне акцэнт будзе рабіцца на вытворчасць новых відаў тэхнікі і лекавых прэпаратаў. Пры гэтым ставіцца задача нарасці за пяцігодку вытворчасць прамысловай прадукцыі не менш чым на 10% за пяцігодку, адзначыў Мікалай Шарснёў.
На думку міністра эканомікі Беларусі Аляксандра Чарвякова, сярод ключавых напрамкаў развіцця для Віцебшчыны павінна захавацца развіццё нафтахімічнага комплексу.
— У гэтым сектары ставіцца задача падоўжыць тэхналагічныя ланцужкі перапрацоўкі нафты, павысіць дабаўленую вартасць. Для гэтага трэба будзе працягнуць рэалізацыю інвестыцыйнай праграмы ААТ «Нафтан», што дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%, а выхад светлых нафтапрадуктаў — да 70%, а таксама працаваць па стварэнні новых вытворчасцей па выпуску прадуктаў малатонажнай нафтахіміі, — лічыць міністр эканомікі.
Яшчэ адным прыярытэтам для рэгіёна можа стаць выкарыстанне лагістычнага патэнцыялу тэрыторыі, у тым ліку створанай прамыслова-лагістычнай інфраструктуры асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша».
Рэалізацыя пастаўленых задач у рэальным сектары эканомікі дазволіць захаваць стабільнасць у сацыяльнай сферы. Працягнецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту.
— Як вынік, хачу падкрэсліць: ладам жыцця нашых людзей павінна стаць устойлівае жаданне якасна жыць, вучыцца, працаваць, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, — адзначыў Мікалай Шэрстнёў.
У ходзе абласнога сходу ўдзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу абмеркавалі праект асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку з улікам рэгіянальнага кантэксту, а таксама прамежкавыя вынікі работы дыялогавых пляцовак на Віцебшчыне, найбольш актуальныя прапановы, якія паступілі ў ходзе работы грамадскіх прыёмных. Па выніках была прынята рэзалюцыя абласнога сходу, у якой знайшлі адлюстраванне найбольш важныя аспекты жывога дыялогу, які адбыўся.