Добромыслінскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Леаніда Ціхмянёва
Знамянальная падзея сабрала школьнікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, ганаровых гасцей. Асаблівае месца сярод іх занялі сваякі Леаніда Ціхмянёва – яго пляменніца Галіна Гульцяева, якая прыехала на цырымонію разам з мужам, сынам і двума ўнукамі. З Вялікіх Лук і Тулы, дзе апошнія гады жыў Леанід Паўлавіч, яны перадалі ўсім мясцовым жыхарам вялікі прывет і словы падзякі за захаванне памяці аб падзеях часоў вайны і ўвагу, якая надаецца гэтаму пытанню ў Беларусі:
– Мы ўдзячныя за запрашэнне на гэта мерапрыемства і за памяць, якую вы захоўваеце пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. За тое, што перадаеце маладому пакаленню праўдзівую гісторыю пра Другую сусветную вайну. Гэтая памяць святая для ўсіх нас і нашых будучых пакаленняў.
Важнасць падобных падзей падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў:
– Беларусы шануюць сваю гісторыю. Для нас раўнанне на подзвіг нашых старэйшых пакаленняў – гэта высокая планка маральнасці, чалавечнасці і патрыятызму. Таму вельмі прыемна, што гэтая падзея адбываецца ў гэтыя знамянальныя для ўсёй Віцебскай вобласці дні. 25 чэрвеня 78-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адсвяткавала Дубровіна, у мінулыя выхадныя – Віцебск, Шуміліна і Орша. І так на працягу ўсяго тыдня рэгіён будзе святкаваць вызваленне ад фашысцкага ярма. Каб наша краіна была свабоднай, а мы маглі сёння сустрэцца пад гэтым мірным небам, 409 тысяч байцоў і афіцэраў Чырвонай Арміі склалі свае галовы на віцебскай зямлі. Яны спачываюць у 1543 воінскіх пахаваннях, размешчаных на тэрыторыі паўночнага рэгіёну. Імёны амаль 200 тысяч з іх да гэтага часу застаюцца невядомымі, але праца па іх аднаўленні вядзецца бесперапынна.
Урачысты мітынг працягнуўся ў сценах школы, дзе адбылося адкрыццё музейнага пакоя. Яго напоўнілі ваенныя артэфакты, экспанаты і фотаздымкі, сабраныя вучнямі. Завяршылася мерапрыемства на Ціхамянаўскай вышыні, дзе ў памяць аб усіх загінулых абаронцах Айчыны ўдзельнікі ўсклалі кветкі і вянкі да манумента.