Аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымаюць больш за 11 тысяч шматдзетных сем'яў Віцебскай вобласці

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымаюць больш за 11 тысяч шматдзетных сем'яў вобласці ў дачыненні да 22,3 тысячы дзяцей школьнага ўзросту.

Пра гэта «ВВ» паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Памер выплаты на кожнае дзіця-школьніка складае 109 руб. 32 кап., або 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня 2023 года. Нагадаем, што за атрыманнем такой дапамогі варта звяртацца: у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) аднаго з бацькоў дзіцяці, а ў Віцебску – па месцы вучобы дзіцяці.

У рэспубліканскую акцыю «Збяром дзяцей у школу» у Чашніцкім раёне актыўна ўключыліся валанцёры залатога ўзросту – актывісты аддзяленняў ТЦСАН. Кожны імкнецца ўнесці пасільны ўклад у дапамогу сем'ям, якія маюць патрэбу, купіўшы і паклаўшы ў спецыяльныя скрынкі школьна-пісьмовыя прыналежнасці. Ужо 15 сем'яў атрымалі падарункі, падрыхтаваныя добраахвотнікамі.

– Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў нашым раёне мы плануем аказаць амаль 290 шматдзетным сем'ям, у якіх выхоўваюць больш за 600 дзяцей школьнага ўзросту, – паведаміла дырэктар ТЦСАН Таццяна Гапаненка. – Па стане на 18 жніўня дапамогу атрымалі больш за 190 сем'яў у дачыненні да амаль 400 школьнікаў.
Сужэнцы Максім і Юлія Клочкі з аграгарадку Новая Зара выхоўваюць чацвярых дзяцей, трое з якіх – школьнікі. Муж працуе на сельгаспрадпрыемстве, жонка – у дзіцячым садзе. Трымаюць грунтоўную гаспадарку, на сваім трактары апрацоўваюць участак зямлі. Прывыклі разлічваць на сябе, але прызнаюцца, што матэрыяльная дапамога, за якой звяртаюцца другі год, вельмі дарэчы.

– Амаль 330 руб. для нас – немаленькая сума, – кажа Юлія. – На многія пакупкі для дзяцей хапіла. Цяпер яны апрануты, абуты, у іх ёсць усе неабходныя школьныя прыналежнасці – да новага навучальнага года гатовыя! 

"Віцебскія весці"