Адзіны ў Віцебскай вобласці комплекс па перапрацоўцы зношаных шын адкрылі ў Наваполацку
– У прэсе некалькі гадоў таму пісалі пра тое, што Наваполацк – самы брудны горад Беларусі. Мы з гэтым не згодныя і вырашылі пераламіць гэтае меркаванне. Сталі праводзіць шэраг мерапрыемстваў па мінімізацыі шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і за апошнія гады палепшылі паказчыкі ў некалькі разоў, – сказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дземідаў.
Суровая праца па зборы і сартаванні цвёрдых камунальных адходаў пачалася ў 2010 годзе, калі ў Наваполацку запрацаваў УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў». Сталі і насельніцтва прывучаць да раздзельнага збору адходаў. Але, як адзначыў Дзмітрый Уладзіміравіч, з дарослымі людзьмі са сталымі звычкамі дамовіцца складана, а дзеці, моладзь добра адгукаюцца на ўсе ініцыятывы. Запуск гэтага комплексу з'яўляецца чарговым мерапрыемствам у барацьбе з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
Інвестпраект уключаны ў Дзяржаўную праграму «Адзін раён – адзін праект», ключавы пасыл якой – аднаўленне эканамічнага росту, стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей і прадухіленне адтоку людзей з правінцыі ў буйныя гарады. На комплексе створана 23 новыя працоўныя месцы.
Праектна-пошукавыя работы па комплексе пачаты ў канцы 2020 года. Сёння яго здалі ў эксплуатацыю. Фактычны кошт праекта склаў больш за 6,5 млн рублёў. Тэрмін акупнасці – 7 гадоў.
– Гэты комплекс самы значны і самы дарагі на нашым прадпрыемстве, складаецца з дзвюх ліній абсталявання. Плануем тут вырабляць гумавую плітку, брусчатку, бардзюр розных памераў, формаў і колераў. Такія вырабы атрымліваюцца трывалыя, траўмабяспечныя, марозаўстойлівыя, не выгараюць на сонцы, з доўгім тэрмінам службы. Выкарыстоўваць іх можна як на вуліцы, так і ўнутры памяшканняў, – распавёў дырэктар УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Велюга.
У Віцебскай вобласці існуе праблема з рэалізацыяй зношаных шын. Найбліжэйшыя падобныя прадпрыемствы ёсць у Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і ў Мінску. Цяпер усе прадпрыемствы Віцебскай вобласці змогуць здаваць зношаныя шыны на перапрацоўку на наваполацкі біяхмезавод.
– Калі прадпрыемства прывязе шыны сваім транспартам на наш комплекс па перапрацоўцы, то кошт для іх будзе роўны нулю, гэта значыць затраты будуць толькі па дастаўцы. Сёння нашы канкурэнты прымаюць на іншых умовах, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
Аб'ём адходаў шын Віцебскай вобласці за 2022 год склаў 7300 тон, комплекс у Наваполацку разлічаны на перапрацоўку 3300 тон, так што праблем з забеспячэннем сыравінай на комплексе не будзе, упэўнена кіраўніцтва прадпрыемства.
Перад урачыстым пускам комплексу ў Наваполацкім гарвыканкаме была арганізавана выстава прадукцыі біяхмезавода, у тым ліку і доследных узораў, якія вырабілі на новым комплексе. Як адзначыў Сяргей Велюга, прадукцыя прадпрыемства дастаткова запатрабавана на рынку, арыентавана ў тым ліку і на экспарт. У завода ўжо ўсталяваныя партнёры ў Расійскай Федэрацыі.
– Гэты аб'ект з'яўляецца ўнікальным для Віцебскай вобласці і вырашае не толькі экалагічную, але і эканамічную задачу. Гэта і стварэнне новых працоўных месцаў, і прыклад таго, як ў адным месцы можна збіраць, сартаваць, перапрацоўваць адходы і вырабляць з іх новую імпартазамяшчальную прадукцыю, – сказаў на адкрыцці комплексу намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй Рамашка.