На сесіі абласнога Савета дэпутатаў абмеркавалі эпідсітуацыю і ход вакцынацыі супраць COVID-19 у Віцебскай вобласці

На дадзены момант у Віцебскай вобласці захворванне на каранавірусную інфекцыю нязначна зніжаецца, аднак з'яўленне індыйскага штаму віруса патрабуе мабілізаваць усе рэсурсы і нарасціць тэмп вакцынацыі для комплекснага процістаяння COVID-19. У сувязі з гэтым пытанне арганізацыі аховы здароўя ў перыяд распаўсюджвання інфекцыі вынесена на парадак чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў у якасці прыярытэтнага.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі далажыў, што для лячэння каранавіруснай інфекцыі ва ўмовах стацыянара пакуль задзейнічана 10% ложкавага фонду рэгіёну (для параўнання, на піку захворвання пад гэтыя мэты было прадугледжана 40% ложкаў). На дадзены момант перапрафілявана 1,2 тыс. ложкаў, з іх каля 400 – у абласным цэнтры. У Віцебску такіх пацыентаў цяпер прымаюць абласная інфекцыйная бальніца, тэрапеўтычнае аддзяленне Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, абласны цэнтр пульмалогіі і фтызіятрыі.

У сувязі са зніжэннем захворвання паступова сыходзяць ад інфекцыйнага рэжыму раённыя бальніцы (сярод нядаўніх – Талачынская і Верхнядзвінская ЦРБ), адзінкавыя выпадкі перадаюцца ўжо ў абласныя ўстановы ці міжраённыя цэнтры, якія працягваюць лячыць пацыентаў з COVID-19.

– На дадзены момант захворванне ў рэгіёне нязначна зніжаецца, але мы бачым, што адбываецца ў Расіі, таму павелічэння новых выпадкаў хутчэй за ўсё прыйдзецца чакаць і ў нас, – сказаў Міхаіл Леанцьевіч. – У сувязі з гэтым хацеў бы заклікаць насельніцтва да выканання масачнага рэжыму, які ніхто не адмяняў. У рэгіёне праходзіць вакцынацыя, і мы будзем нарошчваць яе тэмп. Усе павінны з разуменнем паставіцца да сітуацыі, не чакаць, калі нешта адбудзецца з блізкімі, а самім настройвацца на вакцынацыю, каб мы атрымалі калектыўны імунітэт у вобласці.

Паводле інфармацыі галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзіміра Сінкевіча, дасягнуты практычна стопрацэнтны ахоп вакцынацыяй асоб, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах вобласці, што перавышае даведзены паказчык. Медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў прышчэплена 72%, працаўнікоў устаноў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – 63%. Асаблівую занепакоенасць выклікае малы працэнт прышчэпленых сярод работнікаў адукацыі і культуры, а менавіта 28% і 7% адпаведна. Што тычыцца педагогаў, важна выйсці на неабходны ўзровень вакцынацыі да пачатку новага навучальнага года, а лепш яшчэ раней. Праводзіцца праца з пажылымі людзьмі ва ўзросце 61 года і старэй, пакуль іх прышчэплена 14%.

– Усяго ў Віцебскай вобласці прышчэплена 8,5% насельніцтва. Калі сумарна ацэньваць пасляінфекцыйны і поствакцынальны імунітэт, які на сёння сфарміраваны сярод насельніцтва вобласці, па папярэдніх даных ён складае каля 47%, аднак гэтага недастаткова. Каб забяспечыць калектыўны імунітэт, гэты лік павінен быць не менш за 60%, – Уладзімір Сінкевіч.

Між тым, ён нагадаў, што прышчэпка супраць COVID-19 фарміруе імунітэт у паўтара-два разы вышэйшы, чым пасля перанесенай інфекцыі.

Таксама галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці адзначыў нізкія тэмпы імунізацыі ў абласным цэнтры, Наваполацку, Полацкім і Віцебскім раёнах пры наяўнасці вакцыны і наяўных умовах для правядзення кампаніі. У сваю чаргу Шаркаўшчынскі і Аршанскі раёны, наадварот, можна ставіць у прыклад. Так, у Шаркаўшчыне ад каранавіруснай інфекцыі прышчэплена 11% насельніцтва, што з'яўляецца адным з лепшых паказчыкаў у рэгіёне.

– Вопыт Шаркаўшчыны кажа пра тое, што галоўны ўрач бальніцы, санэпідслужба, райсавет дэпутатаў і райвыканкам працуюць разам, – акцэнтаваў увагу Уладзімір Церанцьеў і звярнуўся да дэпутатаў, – Разам мы павінны дайсці да кожнага, пераконваць і тлумачыць пра неабходнасць вакцынавацца, у тым ліку на асабістым прыкладзе.

Таксама кіраўнік аблсавета заклікаў актыўна далучыцца да інфармацыйна-тлумачальнай кампаніі грамадскія аб'яднанні, у тым ліку прафсаюзы, якія маюць шырокую сетку пярвічных арганізацый.

Для забеспячэння паспяховасці кампаніі па вакцынацыі ў рэгіёне Уладзімір Церанцьеў заклікаў на месцах падключыцца намеснікаў старшынь гаррайвыканкамаў па сацыяльных пытаннях, Саветы дэпутатаў, а не ўскладаць усё толькі на плечы медыкаў.       

– Віцебская вобласць годна вытрымала ўдар першай хвалі каранавіруснай інфекцыі. Узважана і спакойна супрацьстаяла выклікам і ў другую хвалю. Усё лепшае, што было напрацавана, прымяняецца і сёння, – механізмы ўзаемадзеяння органаў улады і ўсіх службаў, рэалізацыя комплексу санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, адпрацавана лагістыка лячэння пацыентаў, рэабілітацыйныя і прафілактычныя мерапрыемствы, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Аднак падстаў для самазаспакаення няма. У свеце з'яўляюцца новыя штамы, пандэмія працягваецца. Таму нам неабходна пастаянна аналізаваць эпідэміялагічную сітуацыю, якая складваецца, і своечасова прымаць неабходныя рашэнні па процідзеянні распаўсюджванню інфекцыі ў вобласці, працягнуць рэалізацыю комплексных, узгодненых і скаардынаваных мер.