Кіраўніцтва Віцебскай вобласці прыняло ўдзел у рэспубліканскім суботніку
На Віцебшчыне падчас рэспубліканскага суботніка на розных аб'ектах задзейнічана звыш 300 тыс. чалавек. У гэты дзень кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў разам з іншымі кіраўнічымі асобамі вобласці і горада высадзіў на вуліцы Гагарына ў Віцебску каля 100 дрэў.
Чаму выбар упаў на гэту вуліцу? У сярэдзіне красавіка споўнілася 60 гадоў з дня першага ў гісторыі чалавецтва палёту ў космас, які здзейсніў савецкі касманаўт Юрый Гагарын. На трэці дзень пасля гэтай гістарычнай падзеі ў Віцебску вуліца Суражская была перайменавана ў гонар першага касманаўта. Іншая прычына ў тым, што добраўпарадкаванне вуліцы Гагарына стала знакавым аб'ектам для абласнога цэнтра. Яе рэканструкцыя была пачата яшчэ ў 2005 годзе, але пасля пракладзеных двух кіламетраў магістралі з-за недахопу фінансавання была прыпынена на доўгія 15 гадоў. Работы на аб'екце аднавіліся пасля наведвання Віцебска Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, які прыняў удзел у адкрыцці пуцеправода «Полацкі». Паколькі рэканструкцыя пуцеправода абышлася значна танней за запланаваную суму, то зэканомленыя сродкі па распараджэнні кіраўніка дзяржавы былі пакінуты на далейшае развіццё дарожна-транспартнай інфраструктуры Віцебска, у тым ліку і на прывядзенне ў парадак вуліцы Гагарына.
Перад тым, як прыступіць да пасадкі зялёных насаджэнняў на былым трамвайным развароце ў канцы вуліцы Гагарына, дырэктар КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Віцебска» Міхаіл Мяшко далажыў аб ходзе работ на знакавым аб'екце.
– Ужо ў ліпені мінулага года пачаліся маштабныя работы па рэканструкцыі. Цяпер на вуліцы Гагарына вядзецца адначасова рэканструкцыя трэцяй, чацвёртай і пятай чаргаў. Генпадрадчыкам выступае трэст №9, задзейнічана 10 субпадрадных арганізацый, працуюць 200 чалавек, 80 адзінак тэхнікі. Работы вядуцца без выхадных, у дзве змены, але шмат часу страчана зімой. Каб паспець да фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», трэба арганізаваць кругласутачную працу, – падкрэсліў Міхаіл Мешко. – Складанасць аб'екта ў тым, што вуліца пераплецена шматлікімі камунікацыямі, якія давялося дэмантаваць і мяняць – каналізацыі, вода-, газа-, электразабеспячэння, вонкавага асвятлення, аб'ектаў святлафорнага рэгулявання і ліўневай каналізацыі з уладкаваннем чатырох ачысных збудаванняў. Прычым, яны будуць ахопліваць і сцёкавыя воды з размешчаных на вуліцы іншых аб'ектаў. Дастаткова сказаць, што перакладзена 40 км цеплазабеспячэння, па 6 км каналізацыі і водаправодных сетак і іншых. Прадугледжана выкананне работ па ўладкаванні новай паласы руху і рэканструкцыі існуючай у асфальтабетонным пакрыцці з раздзяляльнай зялёнай зонай і арганізацыяй трохпалоснага дарожнага руху ў абодвух напрамках. Гэта ўжо не вуліца, а праспект.
Больш таго, у пачатку вуліцы Гагарына будзе выканана ўладкаванне разваротнага кальца для трамваяў і кантактнай сеткі тралейбусаў на ўчастку ад вул. Люднікава да школы №5. Гэта на перспектыву.
Мікалай Шарснёў падзякаваў будаўнікам, якія выканалі вялікі аб'ём работы за кароткі перыяд і плануюць здаць аб'ект да ліпеня, што раней амаль удвая за нарматыўны тэрмін. Выказаў надзею, што пры такім раскладзе, цалкам магчыма, будуць зэканомлены сродкі.
– І тады ў нас будуць усе падставы прасіць кіраўніка дзяржавы зноў іх пакінуць для далейшага развіцця гарадской інфраструктуры, у прыватнасці, на злучэнне праспекта Фрунзе з вул. Лаза або на завяршэнне рэканструкцыі вул. Церашковай. Праўда, яшчэ рана дзяліць шкуру няўбітага мядзведзя, як кажуць.
На рэканструкцыі вул. Гагарына будаўнікі асвоілі 20 млн. руб., ёсць у наяўнасці 39 млн. З асноўных работ засталося пракласці асфальт, прывесці ў належны стан фасады і фундаменты дамоў і іншых аб'ектаў, высадзіць на прылеглай тэрыторыі 1,5 тысячы дрэў і кустоў.
Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што з кожным годам жыхары Віцебшчыны праяўляюць усё большы энтузіязм падчас рэспубліканскага суботніка. Працуюць на працоўных месцах, выходзяць у двары, каб разбіць клумбы, наводзяць парадак на прылеглых тэрыторыях каля арганізацый і ўстаноў, высаджваюць зялёныя насаджэнні, добраўпарадкоўваюць воінскія пахаванні і іншыя гісторыка-культурныя аб'екты, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона. Гэта традыцыя, якой нашы грамадзяне не змяняюць доўгія дзесяцігоддзі, і якую з задавальненнем падхоплівае маладое пакаленне, адзначыў Мікалай Мікалаевіч.
Дарэчы, падчас суботніка старэйшае пакаленне разам з моладдзю вышлі на добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў «Прарыў» ва Ушацкім раёне, «Урочышча Пяскі» ў Полацкім, «Вішнёўкі» ў Чашніцкім, воінскіх пахаванняў у аграгарадку Копці Віцебскага раёнаў, Алеі Адзінства ў Верхнядзвінску, парку ў Бешанковічах, прысвечанага Году народнага адзінства, і інш.
50 працэнтаў заробленых на рэспубліканскім суботніку грашовых сродкаў будуць накіраваны Міністэрству аховы здароўя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў, у тым ліку на закупку абсталявання для аказання планавай і экстраннай медыцынскай дапамогі насельніцтву, частковае фінансаванне закупак вакцыны ад інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, з мэтай забеспячэння даступнасці вакцынацыі насельніцтва. Яшчэ 50% сродкаў застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і будуць накіраваны на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.