Фотафакт: У Віцебску праходзіць акрэдытацыя гасцей і ўдзельнікаў фестывалю «Славянскі базар»
Ужо раніцай колькасць людзей, якія атрымалі фестывальны бэйдж, склала 650 чалавек. У асноўным гэта службы, якія займаюцца арганізацыяй і правядзеннем свята мастацтваў.
– Сёння вельмі актыўны дзень для службы акрэдытацыі, бо запаветны бэйдж атрымае каля 1000 чалавек. Сярод іх прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і віцебскія творчыя калектывы, якія прымаюць удзел у канцэртах, – паведаміла кіраўнік службы акрэдытацыі Вольга Сакалова. – З сённяшняга дня наша служба пераходзіць на кругласутачны рэжым працы. Зусім хутка будзем сустракаць маскоўскія цягнікі. Усяго плануем акрэдытаваць ад 5 да 5,5 тыс. чалавек.
Сярод тых, хто прайшоў рэгістрацыю і атрымаў запаветны бэйдж, была ўдзельніца Міжнароднага танцавальнага праекта «Dream Dance Fest» Лера Рэзмерыца з Севастопаля.
– Мы прадстаўляем студыю вольнага танца «Басанож». Будзем здзіўляць гледачоў кампазіцыяй пад назвай «За кім? Навошта? І чаму?», – расказала Лера. – Дабіраліся да Віцебска амаль два дні. Вельмі рады нарэшце апынуцца тут. Чакаю з нецярпеннем экскурсіі па горадзе.