Фотарэпартаж: У Віцебску адкрылася пачатковая школа, пабудаваная па ўнікальным праекце

Фоторепортаж: В Витебске открылась начальная школа, построенная по уникальному проекту
У Віцебску ў новым мікрараёне Білева адкрылася ўнікальная пачатковая школа. Тут пад адным дахам размясціліся дзіцячы сад і вучэбныя кабінеты для малодшых класаў – з першага па чацвёрты.

Гэтага наваселля чакаў увесь мікрараён, дзе пражывае шмат шматдзетных сем'яў. Бацькі шчаслівыя, што нарэшце ў крокавай даступнасці з'явілася ўстанова адукацыі, якую змогуць наведваць іх дзеці.

– Гэта падзея – знакавая і для Віцебска, і для ўсёй краіны, паколькі гэтая школа – эксперыментальны ў рэспубліцы праект. Упэўнены, што яна стане прыкладам сучаснага навучання, цэнтрам патрыятычнага і маральнага выхавання. Шмат што будзе залежаць ад педагагічнага калектыву, які з'яўляецца асновай любой установы адукацыі. Тут аб'яднаны і дасведчаныя педагогі, і каля 40 выпускнікоў профільных ВНУ. Спалучэнне маладосці і вопыту, думаю, дасць добры вынік, – адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сяргейка, які прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў і адкрыццю новай школы.

Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ён уручыў дырэктару школы Ілоне Марчанка інтэрактыўную панэль.


На чатырох паверхах сучаснай установы адукацыі, разлічанай на 850 месцаў, прадугледжана ўсё для ўсебаковага развіцця дзяцей. У распараджэнні рабят музычныя, спартыўныя і трэнажорныя залы, плавальны басейн, бібліятэка, камп'ютарныя класы, лінгафонны кабінет і многае іншае. Тут створана безбар'ернае асяроддзе: устаноўлены пандусы, пад'ёмнік у басейне, укладзена тактыльная плітка.

– У Віцебску рэалізаваны сапраўды ўнікальны праект, пра які мы доўга гаварылі. У такім сумяшчэнні дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі закладзена шмат сэнсаў. Галоўны – плаўны, бясшвоўны пераход дзетак з дзіцячага садка ў школу. Важны момант – эканомія рэсурсаў, забеспячэнне высокай якасці выхавання і адукацыі з дапамогай самых сучасных тэхналогій. Такіх школ больш няма ў нашай краіне. Яшчэ адна адметная рыса – каля 40 працэнтаў педагогаў – маладыя спецыялісты. Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за вашым развіццём, вучобай, замацаваннем кадраў. У выпадку поспеху падобныя аб'екты з'явяцца і ў іншых рэгіёнах, – выказаў надзею кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой, які прыйшоў на свята не з пустымі рукамі, а з сертыфікатам на 15 тыс. рублёў для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сертыфікат на 10 тыс. рублёў уручыў дырэктару школы старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

– Упэўнены, дзеткі, якія стануць вучыцца ў гэтай школе, будуць лепшымі ў Беларусі і свеце. Гэта не раз пацвярджалі школьнікі Віцебшчыны, якія займалі першыя месцы па колькасці ўзнагарод на алімпіядах. У гэтай установе адукацыі ўсё дазваляе, каб закласці любоў да навукі, пазнання, творчасці. Думаю, адсюль выйдуць і будучыя чэмпіёны, і навукоўцы, і выдатныя творчыя асобы. Галоўнае – выхаваць сапраўднага грамадзяніна, разумнага, добрага, чулага чалавека, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.

"Віцебскія весці"