Генадзь Сабыніч: "Задачы Прэзідэнтам пастаўленыя дакладныя і канкрэтныя: без развагаў прыступіць да працы, навесці парадак"

У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў на пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама Генадзя Сабыніча, а ў сераду ён ужо прыступіў да працы на новай пасадзе.

– Задачы Прэзідэнтам пастаўлены дакладныя і канкрэтныя: без развару прыступіць да працы, навесці парадак, – стрымана пракаментаваў сваё прызначэнне Генадзь Генадзевіч.
Варта адзначыць, што Генадзь Сабыніч – не медыйная персона. Не ў яго стылі шмат распавядаць журналістам на камеру пра працу, планы і поспехі. Ён не любіць кідаць словы на вецер, прывык рабіць, прымаць рашэнні і не баіцца адказнасці.
Лепш за ўсё яго характарызуюць канкрэтныя вынікі. Так, Віцебскі раён, якім ён кіраваў восем гадоў, – у лідарах сельскагаспадарчай вытворчасці ў паўночным рэгіёне. Менш за год Генадзь Сабыніч узначальваў Віцебскі гарвыканкам і за гэты час бліскуча арганізаваў працу каманды, якая ў сціслыя тэрміны падрыхтавала горад да 1050-годдзя і Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Акрамя знакавых аб'ектаў, якія ва ўсіх навідавоку (плошча Перамогі, гасцініца, КЗ «Віцебск») велізарная частка навядзення парадку ў абласным цэнтры засталася «за кадрам»: рамонт дарог, перабудова на новыя рэйкі гарадской ЖКГ, добраўпарадкаванне, у тым ліку і дваровых тэрыторый.
Цяпер Генадзь Сабыніч будзе кіраваць сельскагаспадарчай галіной Віцебшчыны, і працы, як адзначыў Прэзідэнт, трэба будзе нямала.
– Аляксандр Рыгоравіч, узгадняючы маё прызначэнне, падкрэсліў, што ў бліжэйшы час мае намер наведаць Віцебскую вобласць і абазначыў, што наш рэгіён нічым не горшы за іншыя ў плане кліматычных умоў, галоўнае – вызначыцца, што будзем вырошчваць на нашай зямлі, як гэта будзем перапрацоўваць і прадаваць, каб быў эканамічны эфект. Што тычыцца інтэграцыйных структур, сфарміраваных на Віцебшчыне, то абсалютна згодны з кіраўніком дзяржавы. Неабходны ўзважаны падыход і дбайны аналіз. Разбурыць створанае кімсьці заўсёды прасцей, але не заўсёды правільна. Вектар зададзены, вызначымся з «тонкімі» месцамі і будзем аптымізаваць і ўдасканальваць механізм, – рэзюмаваў Генадзь Сабыніч.