Старшыня Віцебшчыны Мікалай Шарснёў даў высокую ацэнку працы прадпрыемства ”Белфуд Прадакшн“ у Віцебскім раёне

СААТ "Белфуд Прадакшн" – добры прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага інвестара. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў пасля азнаямлення з работай завода дзіцячага харчавання ў аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна.

З пачатку гэтага года кампанія выпусціла 105 млн упаковак прадукцыі. Завод супрацоўнічае і з сусветнымі брэндамі ў галіне харчавання для дзяцей. "Больш за палову прадукцыі пастаўляем на экспарт: у асноўным яна ідзе ў Расію, але таксама ў блізкае замежжа, Кітай, Малдову. Мы сочым за сусветнымі тэндэнцыямі ў харчовай прамысловасці, тым больш у галіне дзіцячага харчавання. Апошнія некалькі гадоў карыстаецца попытам прадукцыя ў мяккай упакоўцы. Разумеючы гэта, ставім новае абсталяванне, нядаўна запусцілі трэцюю лінію для вытворчасці дзіцячага харчавання ва ўпакоўцы Gualapak. Плануем у бліжэйшыя гады пашыраць вытворчасць", – расказаў гендырэктар СААТ "Белфуд Прадакшн" Віталь Белаў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў адзначыў, што прадпрыемства - добры прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага інвестара. Пяць гадоў таму Віцебскі аблвыканкам са свайго боку дапамог інвестару з арганізацыйнымі пытаннямі для запуску вытворчасці. "Былы Віцебскі плодаагароднінны камбінат адпрацаваў сваё: абсталяванне і падыходы працы састарэлі, спецыялісты і кіраўніцтва не ведалі, што рабіць з тэрыторыяй і ў цэлым з прадпрыемствам. У 2016 годзе знайшлося рашэнне - інвестар прапанаваў свае ідэі і мы пайшлі насустрач. Штогод назіраем, як ідзе праца завода, інвестар абяцанні выконвае з лішкам: цалкам замяніў абсталяванне, замест першапачаткова 50 набраных супрацоўнікаў сёння працуюць больш за 300 чалавек. Прадпрыемства рэнтабельнае, прадукцыя карыстаецца попытам", - сказаў Мікалай Шарстнёў. Прадпрыемства заняло сваю нішу, выконвае строгія патрабаванні да якасці дзіцячай прадукцыі і разумее, як развівацца далей.

Завод дзіцячага харчавання пачаў працаваць у аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна ў сакавіку 2016 года. Прадпрыемства выпускае кансервы для дзіцячага харчавання (пладаагароднінныя, фруктовыя, мясныя і рыбныя), фруктовыя і агароднінныя сокі. Штомесяц завод вырабляе ў сярэднім 12 млн упаковак. Якасць і бяспека прадукцыі пацвярджаюцца пасведчаннямі аб дзяржаўнай рэгістрацыі ЕАЭС. ТАА "Белфуд Прадакшн" стала першым у Беларусі вытворцам дзіцячага харчавання ў Еўрапейскай сістэме сертыфікацыі арганічнай прадукцыі (EURO-LEAF). Уся прадукцыя вырабляецца пад кантролем еўрапейскага партнёра - кампаніі B.P.G. European Baby Food Limited.