Старшыня Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін наведаў ААТ «Паставымэбля»
– Знаёмства з працоўнымі калектывамі Віцебшчыны дазваляе лепш даведацца, што яны могуць, што робяць, дзе ім патрэбна дапамога для далейшага развіцця, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – «Паставымэбля» – прадпрыемства цікавае, займае важны сегмент у краіне, працуе стабільна – без рыўкоў і правалоў.
Рэзервы, якія ёсць у прадпрыемства, не вычарпаны. Гэта пацвярджаюць растучыя аб'ёмы выпуску і рэалізацыі прадукцыі. За сем месяцаў, як далажыў кіраўніку вобласці дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі, калектыў выпусціў мэблі на 6,5 млн руб., павялічыў вытворчасць да аналагічнага перыяду мінулага года на 151%. Выручка ад яе рэалізацыі дасягнула амаль 9 млн руб., грошай зарабілі на 56% больш, чым у 2021 годзе. Рэнтабельнасць продажаў склала 7,1%.
Адным словам, ААТ «Паставымэбля» пашырае асартымент прадукцыі, актыўна яе прасоўвае. У выніку мае магчымасць пастаянна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, асвойваць новыя рынкі збыту. Ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў, напрыклад, за 7 месяцаў у параўнанні з мінулым годам павялічыла адгрузку на экспарт больш чым у два разы, рэалізаваўшы прадукцыі за межамі краіны больш чым на 400 тысяч долараў. Страціўшы заказчыкаў у краінах Еўрасаюза, звярнула свае позіркі на ўсход. У тры разы павялічыла экспарт у Расію – з 42 тысяч у 2021-м да 111 тыс. долараў у бягучым. З ахвотай купляюць мэблю пастаўчан установы і жыхары Маскоўскай, Калужскай, Ніжагародскай і Ліпецкай абласцей, Башкартастана і Чачэнскай Рэспублікі.
Магчымасцю закупляць больш беларускай мэблі скарысталіся ўстановы адукацыі Казахстана. Дзелавыя сувязі з імі пастаўскія мэбельшчыкі завязалі яшчэ ў мінулыя гады, а сёлета да пачатку навучальнага года пастаўчане абставілі дзве школы. На рынак гэтай краіны паставілі мэблі на 258 тыс. долараў. Казахстан прыняў 63% прадукцыі ад агульнага аб'ёму экспарту.
Велізарны патэнцыял у пастаўчан унутры сваёй краіны. У сярэднім за год яны мэблююць 5 – 6 беларускіх школ. У мінулым з сямі ўводзімых у эксплуатацыю пяць абстаўлялі яны. У тым ліку і ў Бабруйску. Яе прымаў Прэзідэнт краіны і высока ацаніў працу ўсіх, хто ўзводзіў і ўладкоўваў навучальную ўстанову. У 2022-м мэбляй з Пастаў абстаўлены дзве школы і дзіцячы сад у Мінску, школа ў Століне, выкананы дзясяткі заказаў іншых навучальных устаноў. Найбуйнейшымі заказчыкамі мэблі з'яўляюцца Нацыянальны інстытут адукацыі і БЕЛАЗ. Для першага пастаўчане абставілі за апошнія гады каля тысячы кабінетаў біялогіі, фізікі і хіміі, для аўтазавода вырабілі офісную мэблю. Заказ пацягнуў на 900 тыс. руб.

Як адзначыў Сяргей Лацецкі, прадпрыемства працуе з усімі даступнымі на рынку матэрыяламі: ДСП, МДФ, фарбаваным і ламінаваным пластыкам. Выкарыстоўвае фурнітуру ад вядучых вытворцаў краіны. Вырабы разлічаны на сярэдні і эканом-сегменты. Але абсталяванне дазваляе выпускаць мэблю любога ўзроўню, нават прэміум-класа.
З дапамогай камп'ютара ДСП крояць, як тканіну, станок сам выдае крой з дакладнасцю да міліметра. У цэху металаапрацоўкі, дзе вырабляюць каркасы, выкарыстоўваецца імпартны зварачны робат. З дапамогай аблвыканкама набыта аўтаматычная сушыльная камера, кромкаабліцовачны станок, для рэзкі металу – стужкапільны. Гатовыя дакументы на правядзенне працэдуры закупак афарбоўвальна-сушыльнай камеры. За 7 месяцаў у асноўны капітал накіравана інвестыцый амаль на 500 тыс. руб., у тым ліку з пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду аблвыканкама больш за 235 тысяч.
Зробленае – гэта пройдзены этап, лічыць кіраўнік прадпрыемства. Трэба думаць пра заўтрашні дзень, перспектывы развіцця. Пакупнік заўсёды чакае навінак. Уладальнікі дамоў і лецішчаў жадаюць бачыць практычныя, але стыльныя рэчы. У дзіцячым садзе і школе дзеці цешацца яскравай, прыгожай і зручнай мэбляй. Парту Эрысмана высока ацаніў і Аляксандр Субоцін. І ў мэблевай вытворчасці, падкрэсліў кіраўнік вобласці, важна апярэджваць час, прадбачыць тэндэнцыі ў змене моды на формы, матэрыялы, фурнітуру.
Больш за 40 гадоў ААТ «Паставымебель» з’яўляецца лідарам у краіне па вытворчасці мэблі для навучальных устаноў, паспяхова асвойвае выпуск вырабаў для дома і лецішча, прапануе пакупнікам каля 400 найменняў прадукцыі.
У вытворчых цэхах ААТ «Паставымебель» стаіць роўны гул абсталявання. Пліты матэрыялу, якія неўзабаве стануць гатовымі вырабамі, плаўна перамяшчаюцца са стоек на панэль спецыяльнай машыны, якая кроіць дрэва, як тканіну, і перадае на наступную аперацыю. У нарыхтоўцы прарэзваюцца ўсе тэхналагічныя адтуліны, апрацоўваецца кант. Завяршаецца ланцужок канвеера зборкай дэталей і пакаваннем гатовага вырабу. Да адгрузкі рыхтуецца чарговая партыя мэблі для Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку…