Дзяржаўныя служачыя і супрацоўнікі Віцебскага аблвыканкама прынялі ўдзел у водным паходзе, прымеркаваным да Дня народнага адзінства
Праграма воднага паходу складалася з трох этапаў: турысцкага, краязнаўчага і спартыўна-забаўляльнага. Пачатковай кропкай маршруту стала вёска Запольле, дзе ўдзельнікаў сустрэлі караваем мясцовыя жыхары, адбыліся памятны мітынг і ўскладанне кветак да воінскага мемарыяла. Пасля чаго 13 байдарак (па два чалавекі ў камандзе) на працягу трох гадзін сплаўляліся па рацэ Усвяча да населенага пункта Навасёлкі.
На кожным борце прысутнічала дзяржаўная беларуская сімволіка. Пасля завяршэння мерапрыемства ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы за подпісам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслава Дурнова.
– Гэта было вельмі атмасферна і эмацыйна! І хоць многія ўдзельнічалі ў падобным паходзе ўпершыню, яўна адчувалася: разам мы – сіла. Я і мая калега сталі пераможцамі і прыйшлі да фінішу першымі. Было нялёгка, але лічу, што мы годна справіліся з цяжкасцямі! – расказала галоўны спецыяліст камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Лілія Лукашова.
– Падзея вельмі цікавая і запамінальная! Наша вялікая каманда дзейнічала ў адзіным парыве. Хочацца, каб такія вясёлыя, добрыя і значныя мерапрыемствы праводзіліся з году ў год, – падзялілася ўражаннямі галоўны спецыяліст упраўлення па распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю аблвыканкама Марына Гудым.
– Сімвалічна, што ў мерапрыемстве, прысвечаным Дню народнага адзінства, прымалі ўдзел супрацоўнікі розных структурных падраздзяленняў аблвыканкама і жыхары Віцебскага раёна, – заўважыў намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Дзяніс Шкір'янаў. – Падобны падыход праводзіцца другі год запар, але ў гэты раз колькасць яго ўдзельнікаў прыкметна вырасла. Для тых, хто ніколі не сплаўляўся па рацэ, дыстанцыя стала няпростым выпрабаваннем, аднак да фінішу мы прыйшлі сапраўднай згуртаванай камандай, і кожная маленькая перамога вылілася ў агульныя вялікія эмоцыі!