Гран-пры II Міжнароднага фестывалю ваенна-патрыятычнай песні «Салдаты Айчыны» у Віцебску аддалі «СССР».
Віцебск другі раз прымаў гэты форум, які, дарэчы, упершыню адбыўся ў маі 2016-га. У гэты раз яго прысвяцілі 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана.
– Цяперашні фестываль праходзіць таксама пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы павінны памятаць нашу гісторыю, выхоўваць дзяцей на подзвігах дзядоў і бацькоў, – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў.
Галоўная мэта фестывалю – аб'яднанне народаў, ветэранаў баявых дзеянняў на постсавецкай прасторы.
– Калі мы сустракаемся, размаўляем і спяваем песні, якія будзяць успаміны пра вайну, кожны адчувае: мы па-ранейшаму адзіныя, мы былі, ёсць і будзем разам. Нельга не адзначыць, што сярод удзельнікаў павялічылася колькасць маладых людзей, а значыць, патрыятызм ім не чужы, – адзначыў арганізатар, старшыня журы фестывалю, старшыня Камітэта па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце галоў урадаў дзяржаў – удзельніц СНД Аляксандр Кавалёў.
У Віцебск прыехалі больш за 40 калектываў і салістаў з Беларусі, Расіі і Латвіі, якія прайшлі папярэдні адбор: заяўкі на фестываль даслалі 150 выканаўцаў з розных краін. Як прызналіся члены журы, лепшых у гэты раз было выбраць вельмі цяжка, разрыў паміж удзельнікамі быў усяго ў адзін бал. Але ўсё ж лідзіравала група «СССР», якая была арганізавана ў 2005 годзе ў Мінску, а цяпер прадстаўляе Смаленск.
У рэпертуары «СССР» – патрыятычныя песні. Лідар групы Аляксандр Жадан лічыць, што нават песні пра каханне, пра прыгожыя адносіны мужчыны і жанчыны – гэта таксама патрыятыка.
– Чаму гурт называецца «СССР»? Я не хачу вяртацца ў Савецкі Саюз, але хацелася, каб у людзей захаваліся погляды і паняцці, якія былі ў той час. Памятаеце, як, зачыняючы дзверы, ключ клалі пад кілімок? Калі ўсе святы, мерапрыемствы праводзілі ўсім дваром, пад’ездамі… А сёння сусед часам не ведае, хто за сценкай жыве. Ідзеш па горадзе і наўкола – дзяўчаты, што паляць. Раней яны саромеліся, хаваліся. Я сам некурящий і для мяне гэта шок, – падзяліўся Аляксандр Жадан.
На канцэртах фестывалю пабывала нямала ўдзельнікаў Афганскай вайны і проста тых, чые душы кранае патрыятычная песня. Спявалі і пра загінулых сяброў, і пра маці, што не дачакаліся з войнаў сваіх сыноў, і пра ўдоў.
– Я была ў Афганістане, шмат гадоў праслужыла ў паветрана-дэсантных войсках у Віцебску. Прысутнічала на многіх такіх конкурсах. Душа баліць і плача па тых хлопцах, якіх мы страцілі ў Афганістане, – сказала старшыня жаночага савета Віцебскай гарадской арганізацыі «Братэрства», старшы сяржант запасу Марыя Кіянко.
– Ваенная тэма мне заўсёды была блізкая. Нарадзілася ў Віцебску ў сям'і вайскоўца, па званні я старшы прапаршчык паветрана-дэсантных войскаў. Мне вельмі прыемна, што арганізатары надаюць шмат увагі менавіта патрыятычнай песні, таму што на тэлебачанні, радыё, на жаль, цяпер іншыя прыярытэты. Радуе, што існуюць такія фестывалі, – адзначыла член журы, Заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Ірына Савіцкая.
Скончыўся форум у Віцебску выкананнем гімна воінаў-«афганцаў» «Віват, шураві!». Дзе праз тры гады пройдзе наступны фестываль? Гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. Два галоўныя прэтэндэнты – Віцебск і Смаленск.