Інавацыйныя падыходы да працы ў інфармацыйнай прасторы абмеркавалі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці

Инновационные подходы к работе в информационном пространстве обсудили в Медиацентре Витебской области
Навучальны семінар па інавацыйных падыходах да працы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы стартаваў у Медыяцэнтры Віцебскай вобласці для старшынь пярвічак галіновых прафсаюзаў абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

 

– На семінар мы запрасілі старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый і нашых прафсаюзных лідараў, якія актыўна вядуць сацсеткі. Прафсаюзны SMM дапаможа ў арганізацыі сумеснай прафсаюзнай дзейнасці, будзе карысны ў працы вашых устаноў, стварэнні цікавага інфармацыйнага кантэнту, а атрыманыя веды дадуць добры творчы імпульс, – адзначыла старшыня абласной арганізацыі прафсаюзаў дзяржустаноў Алена Няфёдава.

Адкрываючы семінар, Алена Няфёдава акцэнтавала ўвагу на электаральнай і справаздачна-выбарнай кампаніях.

– Наш прафсаюз актыўна ўключыўся ў электаральную кампанію. Мы вылучылі свайго прадстаўніка ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі, дзесяць членаў нашага галіновага прафсаюза – у склад акруговых выбарчых камісій. Маменты вашага ўдзелу, падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання павінны асвятляцца ў сацсетках, – адзначыла Алена Няфёдава. – Другі важны этап – справаздачна-выбарная кампанія. Увесь наступны год да лістапада 2024-га будуць праводзіцца справаздачна-выбарныя сходы пярвічных прафсаюзных арганізацый і раённых, а фіналам стане пленум, дзе будуць падведзены вынікі працы за пяць гадоў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Гуцуляк адзначыў, што сёння вядзенне сацсетак выходзіць на першы план, паколькі ўсю неабходную інфармацыю людзі чэрпаюць з інтэрнэту.

– Тыя, хто працуе ў інтэрнэт-асяроддзі, павінны ведаць, што ўяўляе сабой наша медыяпрастора, якая традыцыйна прадстаўлена перш за ўсё радыё, тэлебачаннем і друкаванымі СМІ. Але з улікам сучасных тэндэнцый, калі каля 90% беларусаў карыстаюцца паслугамі інтэрнэту і навіны, як правіла, атрымліваюць там, вядзенне сацсетак выходзіць на першы план, – адзначыў Анатоль Гуцуляк. Прысутным ён расказаў пра медыяпрастору паўночнага рэгіёну. Дарэчы, на Віцебшчыне ажыццяўляюць сваю дзейнасць два сеткавыя выданні, 48 друкаваных і 16 электронных СМІ.

На семінары запрошаныя спікеры таксама раскажуць пра стварэнне і вядзенне афіцыйнага тэлеграм-канала аблвыканкама, працу з блогерамі і лідарамі меркаванняў, трэнды ў сацсетках, асновы працы з фотаздымкамі, пра асновы напісання навінавай заметкі. Аб прафілактыцы кіберзлачынстваў і махлярстваў у сетцы інтэрнэт раскажа намеснік начальніка ўпраўлення па барацьбе з кіберзлачыннасцю УУС аблвыканкама Дзмітрый Крыштановіч, галоўны прававы інспектар працы абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук – пра новаўвядзенні працоўнага заканадаўства.