Да магіл воінаў, пахаваных на Успенскай горцы ў Віцебску, усталявалі лямпаду, запаленую ад Вечнага агню
Лампаду, запаленую ад Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Віцебску, па жывым ланцужку перадалі і ўсталявалі пад зва́н царкоўных званоў ля магіл воінаў, пахаваных на Успенскай горцы.
Гэты мемарыяльны комплекс на стромкім беразе Заходняй Дзвіны, каля помніка абаронцам Айчыны ў вайне 1812 года, адносіцца да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны. Тут спачываюць 16 афіцэраў, траіх з якіх Героі Савецкага Саюза: Іван Сівакоў, Іван Янушкоўскі і легендарны Мінай Шмыроў – адзін з арганізатараў партызанскага руху, камандзір партызанскага атрада і 1-й Беларускай партызанскай брыгады, ганаровы жыхар Віцебска.
Першыя пахаванні ў скверы ажыццяўляліся ў канцы чэрвеня 1944 года, адразу пасля вызвалення горада. У 1956 годзе былі ўсталяваны дзве скульптуры салдат са схіленымі сцягамі. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі ў 2005 годзе мемарыял адрэстаўравалі.
На мітынгу, які пачаўся з хвіліны маўчання, прысутнічалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, кіраўніцтва горада і раённых адміністрацый, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці.
– Сёння мы ўспамінаем тых, хто першым прыняў на сябе ўдар ворагаў, – пагранічнікаў, абаронцаў Брэсцкай крэпасці, нашага абласнога цэнтра. Віцебская вобласць была акупіравана толькі да сярэдзіны верасня, баі працягваліся амаль паўтара месяца. Шмат гэта ці мала? Для параўнання – Люксембург упаў за адзін дзень, каралеўства Нідэрланды – за шэсць, Бельгія – за восем, Югаславія – за дванаццаць, Грэцыя – за 24, Польшча – за 36. Гэты дзень не толькі памяці і смутку, але і гонару за тых, хто абараняў нашу краіну, хто змагаўся за яе незалежнасць. Мы да гэтага часу адкрываем невядомыя старонкі пра тую страшную вайну, знаходзім і вяртаем з небыцця імёны герояў. Мы абавязаны быць годнымі дзядоў і прадзедаў, данесці памяць да нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў, для таго, каб заўсёды жыць пад мірным небам у незалежнай краіне, – звярнуўся да прысутных Уладзімір Цярэнтаў.
Аб прытрымліванні прыкладу абаронцаў Айчыны, аб самаадданым служэнні Радзіме, аб важнасці патрыятычнага выхавання гаварылі ў сваіх выступленнях на мітынгу падпалкоўнік у адстаўцы, прадстаўнік Беларускага саюза афіцэраў і Віцебскай гарадской арганізацыі «Братэрства» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Іван Бурлак, а таксама намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 357 гвардзейскага парашутна-дэсантнага батальёна Андрэй Баланеску.
Да магіл воінаў усклалі вянкі і кветкі, а святары здзейснілі літыю па нябожчыках, якая завяршалася словамі: «Вечная памяць!».
Фота Пятра ЧЫМКОЎскага\ тэкст Таццяны ПАСТЭРНАК, "Віцебскія весці"