Як ажыццявіць мары выхаванцаў абласнога Дома дзіцяці, ведае старшыня аблсавета Дзмітрый Дзямідаў
– Традыцыйная акцыя «Ёлка жаданняў» дае магчымасць аказаць дапамогу і падзяліцца навагоднім настроем з дзецьмі. І нягледзячы на тое, што дзяржава робіць усё магчымае, каб малыя былі дагледжаны, накормлены і ні ў чым не мелі патрэбы, усё ж кожнаму дзіцяці патрэбна больш чалавечага цяпла, увагі і ўдзелу, асабліва ў перадсвяточныя дні, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. – Выдатна, што ў дабрачыннай кампаніі прымае ўдзел шмат валанцёраў, якія ў свой вольны час займаюцца высакароднай справай.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса разам са сваім памочнікам Мікалаем Раманоўскім купіў падарункі для пяцярых выхаванцаў абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці – Жэні, які прасіў у Дзядулі Мароза тактыльную кнігу, Мішы, які пажадаў убачыць на Новы год пад ёлкай новыя сандалікі, Максіма, Сямёна і Евы, якія заказалі цацкі.
Як распавяла галоўны ўрач абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці Алена Мiзeркіна, сёння ва ўстанове аховы здароўя знаходзіцца каля 80 дзяцей. Многім з іх няма і года, таму некаторыя пажаданні на фотакартках супрацоўнікі пішуць самі, зыходзячы з патрэб.
– Мы вельмі старанна складаем пажаданні да кожнай фатаграфіі. Вядома, асноўная патрэба для нас цяпер – гэта сродкі гігіены, бо ў нас шмат дзяцей да года і тых, каму падгузнікі патрэбныя на пастаяннай аснове. У дзень сыходзіць ад 5 да 7 падгузнікаў на дзіця, – расказала Алена Мiзэркiна. – Дабрачынныя акцыі нам вельмі дапамагаюць. І трэба сказаць, што з кожным годам людзей, якія хочуць зрабіць добрую справу, падарыць нашым дзецям навагоднюю казку, становіцца ўсё больш.
Як паведаміла старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава, з пачатку акцыі валанцёры сабралі 650 падарункаў, большая частка якіх ужо была ўручана дзецям.
Сутнасць акцыі – дапамагчы дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Для гэтага ў буйных гандлёвых цэнтрах горада – «Марка-Сіці», «Грын», «Гіпа», «Карона», усталявалі «Ёлкі жаданняў» з фатаграфіямі і просьбамі дзяцей набыць ім той ці іншы падарунак (адзенне, цацкі, кнігі, канцылярскія прыналежнасці). Таксама гэта можна зрабіць, перавёўшы грашовыя сродкі з дапамогай смартфона, адсканіраваўшы спецыяльны QR-код або апусціўшы іх у скарбонку валанцёраў.
Акцыя працягнецца да 15 студзеня 2025 года. Далучайцеся да кампаніі і падарыце дзецям шчаслівы Новы год!