Як павысіць якасць інфармацыйна-тлумачальнай работы дзяржорганаў у Віцебскай вобласці, абмеркавалі ў аблвыканкаме
У абмеркаваннях узялі ўдзел прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі, сродкаў масавай інфармацыі, друкарняў, грамадскіх арганізацый рэгіёна, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі. З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі мерапрыемства праходзіла ў фармаце відэаканферэнцсувязі.
– Шматее робіцца ў краіне і рэгіёне па выхаванні грамадзяніна, каб ён адчуваў сваю адказнасць і ролю ў станаўленні і развіцці нашай дзяржавы. Нямалае значэнне сёння мае паказваць тую працу, якая робіцца. Каб данесці нашым людзям праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне, важна рабіць гэта аператыўна і задзейнічаць усе наяўныя крыніцы, прычым не толькі традыцыйныя тэлебачанне і друкаваныя СМІ, але і ўступаць у канструктыўны дыялог з насельніцтвам у сацыяльных сетках, – лічыць старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч.
Што тычыцца ўзаемадзеяння з моладдзю, Віктар Андрэевіч рэкамендаваў пазбягаць фармалізму і знаходзіць новыя падыходы ў зносінах з падрастаючым пакаленнем, выхоўваць пачуццё патрыятызму і грамадзянскасці пачынаць з дзіцячага садка.
У сваю чаргу, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак прапанаваў больш актыўна ўключаць рэлігійныя канфесіі ва ўзаемадзеянне з грамадствам і вырашэнне сацыяльных праблем.
– У Год адзінства, абвешчаны ў Беларусі, важна захаваць у нашай краіне этнаканфесійны мір, якім мы можам ганарыцца. Стагоддзямі на нашай зямлі ўжываліся людзі розных веравызнанняў, нацыянальнасцей, а ў цяперашні неспакойны час мы бачым, што адбываецца ў розных краінах, калі мір і згода ў краіне ў выніку неабдуманых дзеянняў пэўных сацыяльных груп парушаецца, а часам і прыводзіць да грамадзянскіх войнаў. Таму вельмі важна данесці да людзей тое, каб яны шанавалі ўпэўненасць у заўтрашнім дні, спакой за сваіх дзяцей, родных і блізкіх. Інстытут рэлігійных канфесій мае давер сярод насельніцтва, і гэта трэба выкарыстоўваць. Важна, каб прадстаўнікі канфесій, якія існуюць у тым ліку ў Віцебскай вобласці, маглі выказваць сваю пазіцыю па захаванні сямейных каштоўнасцей, удзельнічаць у рэалізацыі сацыяльных праграм. Супрацоўніцтва дзяржда органаў, арганізацый, рэлігійных канфесій з'яўляецца залогам захавання стабільнасці і спакою ў нашай будучыні, – падкрэсліў Аляксандр Аляксеевіч.
Шэраг пытанняў, якім трэба надаць асаблівую ўвагу ў новым годзе, абазначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. У тым ліку – стварэнне дзейснага кадравага рэзерву ў ідэалагічнай вертыкалі, папаўненне яго спецыялістамі, якія жадаюць і ўмеюць працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі, стварэнне эфектыўных пярвічных арганізацый прафсаюзнага аб'яднання, павышэнне якасці інфармацыйна-тлумачальнай работы ў працоўных калектывах.
– Сустрэчы інфармацыйных груп з працоўнымі калектывамі павінны быць пастаяннымі, што робіцца і сёння, аднак варта пераходзіць ад іх колькасці да якасці. Мы павінны дакладна разумець, якія праблемы ёсць у калектыве, і весці канструктыўны дыялог, – рэзюмаваў Уладзімір Пятровіч.
У завяршэнне калегіі былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы аддзел ідэалагічнай работы (культуры) і па справах моладзі Віцебскай вобласці па ўзаемадзеянні з БРСМ за 2020 год.