Кітайскі мастак Ван Юйгэнь падарыў сваю карціну музею-сядзібе Ільі Рэпіна «Здраўнёва».

Китайский художник Ван Юйгэнь подарил свою картину музею-усадьбе Ильи Репина «Здравнево»
Вядомы кітайскі мастак Ван Юйгэнь падарыў абласному краязнаўчаму музею сваю працу, на якой намаляваў музей-сядзібу Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Ён пераадолеў тысячы кіламетраў, каб асабіста ўручыць карціну ў месцы, дзе тварыў вялікі рускі жывапісец.

– У Кітаі Ілья Рэпін – шанаваны мастак. Я шчаслівы, што пабываў у яго сядзібе, дзе ён пісаў свае геніяльныя палотны. Гэтае месца зрабіла на мяне вялікае ўражанне, і я вырашыў выказаць свае пачуцці ў гэтай працы. Перадаць у ёй таксама веліч і прыгажосць беларускай прыроды, – расказаў Ван Юйгэнь.

Гэта пяты прыезд мастака з Паднябеснай у нашу краіну. У Беларусі праходзілі выставы яго карцін. Працы Ван Юйгэня адзначаны глыбокім веданнем традыцыйнай кітайскай культуры, спалучэннем абстракцыянізму і рэалізму. Сам мастак з’яўляецца прадстаўніком ЮНЕСКА ў Кітаі, прарэктарам Акадэміі жывапісу і каліграфіі ў адным з найстаражытнейшых гарадоў – Баодыне.

Карціну пад назвай «Дом-музей» Ван Юйгэнь напісаў у 2015 годзе пасля першага наведвання сядзібы «Здраўнёва». Яна напісана ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы – тушшу на рысавай паперы.

Разам з мастаком у Віцебск прыехаў Лю Гуанцын – старшыня канфедэрацыі творчых саюзаў у Кітаі, арганізацыі, якая садзейнічае наладжванню культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі. Як адзначыў яго беларускі калега – ганаровы старшыня канфедэрацыі творчых саюзаў нашай краіны Уладзімір Пракопцаў, ёсць планы ў наступным годзе арганізаваць у Віцебскім краязнаўчым музеі выставу кітайскіх мастакоў, а таксама пленэр у Здраўнёве.

Госці агледзелі рэпінскія мясціны, пабывалі ў выставачнай зале, дзе экснуюцца працы студэнтаў з Кітая, якія вучацца на худграфе ВДУ імя Пятра Машэрава.

Загадчык філіяла – музея-сядзібы «Здраўнёва» – Аляксей Сухарукаў расказаў пра апошнія паступленні ў фонды ад сяброў з Санкт-Пецярбурга.

– Радуе, што павялічылася колькасць наведвальнікаў. Ахвотных убачыць, дзе тварыў і праводзіў летнія сезоны вядомы мастак, з кожным годам становіцца ўсё больш, шмат гасцей не толькі з Беларусі, але і іншых краін, – адзначыў Аляксей Сухарукаў.

Карціна Ван Юйгэня, пабываўшы ў сядзібе «Здраўнёва», папоўніць збор абласнога краязнаўчага музея. На жаль, уласцівасці паперы не дазваляюць ёй знаходзіцца ў экспазіцыі дачнага доміка. Яна зойме годнае месца ў калекцыі работ кітайскіх мастакоў, якімі распараджаецца ВОКМ.

"Віцебскія весці"