Каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча перамагла ў рэспубліканскай алімпіядзе «Патрыёт»
У праграме алімпіяды было пяць спаборніцтваў. Віцябляне перамаглі ў «Візітнай картцы», «Дамашнім заданні», спаборніцтве па аратарскім майстэрстве і конкурсе на веданне зместу кінафільмаў. Акрамя таго, раздзялілі з іншай камандай першае месца ў тэсціраванні па гісторыі Беларусі і дапрызыўнай падрыхтоўцы, а ў конкурсе капітанаў сталі другімі.
Характэрна, што Віцебскае кадэцкае вучылішча ўжо шосты год запар перамагае ў алімпіядзе «Патрыёт». І нязменна каманду рыхтуюць музычны кіраўнік Юрый Рыгораўскі і настаўнік грамадазнаўства Аляксандр Рыгораў.
– Для ўдзелу ў гэтай алімпіядзе мы падбіраем не проста інтэлектуальна развітых дзяцей, а рабят з шырокім кругаглядам, камунікабельных, з творчым мысленнем, – паведаміў Юрый Уладзіміравіч. – Прычым пачынаем адбор сярод навучэнцаў дзявятых класаў, якія залічваюцца ў каманду як запасныя. Назіраючы за старэйшымі збоку, малодшыя набіраюцца вопыту.
На мінулагодняй алімпіядзе такім запасным быў Ілья Азаранка. Сёлета ён быў капітанам каманды.
– Мне падабаецца прадмет «Гісторыя», таму вельмі цікава паўдзельнічаць у такой алімпіядзе, – адзначыў Ілья Азаранка. – Таксама хацеў пазмагацца са сваім страхам перад сцэнай і рады, што гэта ўдалося. Раней на сцэнічных пляцоўках на такіх маштабных мерапрыемствах не выступаў.
– Удзел у алімпіядзе развівае кругагляд, дае магчымасць падцягнуць веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы, гісторыі Беларусі, – падкрэсліла ўдзельніца каманды Дар'я Ягодка. – Асабліва мне спадабаўся конкурс на веданне зместу фільмаў ваенна-гістарычнай тэматыкі.