Кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці на 2021 год захавае сацыяльную накіраванасць
Пра гэта ішла размова на сумесным пасяджэнні пастаянных камісій па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту, а таксама сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі абласнога Савета дэпутатаў, якое прайшло днямі. Сумесна з кіраўнікамі падраздзяленняў аблвыканкама народныя выбраннікі прааналізавалі вынікі працы галін сацыяльнай сферы ў 2020-м і праблемныя пытанні, каб вызначыць бюджэтныя магчымасці іх вырашэння ў 2021 годзе.
Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Святлана Зубрыцкая, у працэсе фарміравання бюджэту вобласці на 2021 год паступілі просьбы, якія прадугледжваюць павелічэнне яго выдаткаў больш чым на 355 млн рублёў. Каля 15% ад гэтай сумы ўдалося прадугледзець у праекце асноўнага фінансавага дакумента Віцебшчыны, астатнія пытанні будуць вырашацца па меры выканання бюджэту.
– З улікам пастаўленых на 2021 год задач фарміраванне даходнай базы абласной казны прагназуецца вельмі напружаным. Для таго каб забяспечыць у тым ліку бягучую дзейнасць сацыяльнай сферы і іншых галін, якія фінансуюцца з бюджэту, патрабуюцца значныя сродкі, – адзначыла Святлана Зубрыцкая. У гэтых умовах важна не толькі ініцыяваць запыты на дадатковае фінансаванне, але і мабілізаваць інтэлектуальны патэнцыял для фарміравання дадатковых даходных крыніц.
Прыярытэтнымі напрамкамі бюджэтнай палітыкі ў 2021 годзе па расходах застаюцца сацыяльная абароненасць насельніцтва, павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт павелічэння памераў заработнай платы. Адна з асноўных асаблівасцей бюджэту-2021 — істотны рост расходаў на зарплату. Калі сёння іх удзельная вага ў аб'ёме казны складае каля 46%, то на будучы год гэты паказчык перавысіць 52%. Павышэнне зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы прадугледжваецца правесці ў два этапы з улікам выхаду эканомікі на паказчыкі мэтавага сцэнарыя развіцця. Гэта мяркуе атрыманне дадатковых паступленняў па падатку на прыбытак, за кошт чаго і будзе фінансавацца прырост аплаты працы. Дадаткова ў кансалідаваным бюджэце прадугледжаны сродкі на павышэнне зарплат нізкааплачваемых катэгорый работнікаў у такіх галінах, як адукацыя, культура, сацыяльная абарона насельніцтва.
Кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці на 2021 год захавае сацыяльную накіраванасць. Яго расходная частка прагназуецца ў аб'ёме 2,478 млрд рублёў.
Прадугледжваецца, што на фінансаванне сацыяльнай сферы будзе накіравана звыш 1,7 млрд рублёў. Пры гэтым удзельная вага сацыяльных расходаў у агульным аб'ёме казны павялічыцца і складзе каля 70%. Найбольш бюджэтаёмістымі галінамі застануцца адукацыя (яе доля ў бюджэтных расходах перавысіць 31%), ахова здароўя (амаль 27%), сацыяльная палітыка (каля 7%), фізкультура, спорт, культура і СМІ (каля 5%). У цэлым у фінансаванні сацыяльнай сферы адзначаецца пэўны дэфіцыт рэсурсаў, асабліва ў частцы капітальных патрэб. Разам з тым расходы ў галіновай разрэзе запланаваны з улікам патрэбы ўстаноў у бюджэтным фінансаванні і засяроджаны на тых аб'ектах, якія маюць высокую ступень гатоўнасці і найбольш значныя для рэгіёна.
Нягледзячы на абмежаванасць даходнай базы, мясцовыя бюджэты забяспечаны рэсурсамі для фінансавання найважнейшых напрамкаў расходаў, падкрэсліла Святлана Зубрыцкая. Выкананне бюджэту ў 2021 годзе шмат у чым будзе залежаць ад працы рэальнага сектара эканомікі. Станоўчая дынаміка эканамічнага развіцця дазволіць знайсці дадатковыя крыніцы і вырашыць пытанні, якія не знайшлі адлюстравання ў праекце бюджэту-2021.
Напрыклад, як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, асаблівай увагі ў будучым годзе запатрабуе сістэма дашкольнай адукацыі Віцебшчыны, якая цалкам пераходзіць на новыя ўмовы фінансавання. Ужо сёння пралічваецца дэфіцыт рэсурсаў, а магчымасці яго пакрыцця вельмі абмежаваныя. Для гэтага трэба будзе шукаць рэзервы ў сістэме агульнай і сярэдняй адукацыі. Па словах Дзмітрыя Хомы, яшчэ адзін варыянт — аптымізацыя сеткі ўстаноў — прадугледжвае асаблівую стараннасць і ўзважанасць рашэнняў. Гэта катэгарычнае патрабаванне старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва.
Аналагічныя праблемы трэба будзе вырашаць у сістэме сацыяльнай абароны, дзе толькі на дадатковае забеспячэнне тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва неабходна адшукаць парадку 3 млн рублёў. Нават у ахове здароўя, расходы на якую запланаваны ў аб'ёме каля 660 млн рублёў, застаюцца адкрытымі фінансавыя пытанні па шэрагу аспектаў.
Сярод іншых асноўных напрамкаў бюджэтнага фінансавання на капітальныя расходы плануецца накіраваць 140 млн рублёў, у тым ліку звыш 50 млн — гэта сродкі, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту пад пэўныя мэты. Пры гэтым рост капўкладанняў не плануецца, бо не праглядаецца істотных падстаў для гэтага. На падтрымку галін нацыянальнай эканомікі прадугледжваецца накіраваць 182 млн руб, або 7% расходаў бюджэту. Каля 56% з іх прызначаны для аграпрамысловага комплексу, 22% пойдзе на фінансаванне транспартнай сферы, яшчэ парадку 10% – арганізацый дарожнай гаспадаркі.
У цэлым кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці сфарміраваны з прафіцытам у памеры 72 млн рублёў.
Пры адсутнасці крыніц для істотнага росту расходаў у 2021 годзе збалансаванасць мясцовых бюджэтаў забяспечана ў межах наяўных рэсурсаў з улікам прыняцця мер па аптымізацыі і эканоміі расходаў, адзначыла Святлана Зубрыцкая. Акрамя таго, прадугледжваецца захаваць падыходы да размеркавання падаткаў, дзеянне іншых бюджэтных правілаў, што робіць прадказальнай даходную базу казны. Толькі так можна забяспечыць устойлівасць мясцовых бюджэтаў усіх узроўняў, што напрамую ўплывае на якасць рэгіянальнага развіцця.