Кубак Гагарына ў Віцебску. У Лядовым палацы адбылася прэзентацыя галоўнага трафея Кантынентальнай хакейнай лігі

Кубок Гагарина в Витебске. В Ледовом дворце состоялась презентация главного трофея Континентальной хоккейной лиги
Сёння ў Лядовым палацы Віцебска быў выстаўлены на агульны агляд галоўны трафей Кантынентальнай хакейнай лігі – Кубак Гагарына. На яго прэзентацыю сабраліся прадстаўнікі абласной улады, юныя і дарослыя спартсмены, а таксама шматлікія аматары спорту.

Кубак Гагарына ў наш горад прывёз абаронца магнітагорскага «Металурга» Уладзіслаў Ераменка. Нагадаем, выхаванец віцебскага хакея ў складзе уральцаў у сезоне, які завяршыўся, стаў уладальнікам галоўнага трафея КХЛ. Прычым Ераменка стаў першым віцяблянінам, які дамогся такога поспеху.

У прэзентацыі Кубка Гагарына прыняў удзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які падзякаваў хакеіста за свята, падораны аматарам хакея Віцебска.

- Самая вялікая ўзнагарода Кантынентальнай хакейнай лігі ў Віцебску. Гэта рэальна свята для аматараў хакея. Без гучных слоў, ты ўжо ўпісаў залатымі літарамі сваё імя, сваіх родных у летапіс горада, вобласці. Мы табой ганарымся.

Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў таксама адзначыў значнасць гэтага мерапрыемства для аматараў спорту і высокую якасць працы спартыўных школ вобласці:

- Гэта тое, дзеля чаго спартсмены гуляюць - для сваіх балельшчыкаў. На падобных мерапрыемствах хакеісты дэманструюць вынік сваёй працы. Спадзяюся, гэту традыцыю будзем працягваць. І галоўны трафей КХЛ яшчэ прыйдзе ў Віцебск. Прыемна, што выхаванцы спортшкол Віцебшчыны выступаюць за топавыя клубы КХЛ. Гэта сведчыць аб добрай школе беларускага хакея. А калі якасна працуюць спортшколы, то будзе добра выступаць і зборная.

Уладзіслаў Ерёменка падзякаваў усім прысутным на гэтым свяце:
— Неверагодныя адчуванні. Вельмі рады, што прыйшло шмат людзей. Прыемна падзяліць радасць заваёвы трафея з аматарамі спорту Віцебска. Тут я рабіў свае першыя крокі на лёдзе, правёў тут вельмі шмат часу. Пастаянна стараюся прыязджаць у родны горад. Рад бачыць, як развіваецца горад і віцебскі хакей. Два Кубкі Салея дарагога каштуюць.

На мерапрыемстве ўсе ахвотныя атрымалі магчымасць сфатаграфавацца з Кубкам Гагарына і ўзяць аўтографы ў яго ўладальніка. І аматары хакея ахвотна карысталіся такой магчымасцю – да трафея і за аўтографам выстройваліся чэргі.

— Дзякуй Уладу Ерёменку і ўсім, хто арганізаваў гэтае свята, — сказаў «ВВ» заўзятар Аляксандр. – Я прыйшоў з сынам-школьнікам, які таксама займаецца хакеем. Мы сфатаграфаваліся з Кубкам Гагарына, пагутарылі з Уладам. Я сыну на прыкладзе Уладзіслава паказаў, да чаго варта імкнуцца. І я яму сказаў: глядзі, будзеш старанна трэніравацца — таксама зможаш заваяваць такі кубак.

Нагадаем, КХЛ неафіцыйна лічыцца наймацнейшай хакейнай лігай Еўропы і другой па ўзроўні ў свеце. У гэтым сезоне ўладальнікамі трафея сталі два беларускія хакеісты, прычым абодва з Віцебскай вобласці. Учора падобнае мерапрыемства адбылося і ў Наваполацку. У нафтаград Кубак Гагарына прывёз абаронца «Металурга» Даніла Паліўка.

"Віцебскія весці"