Ліквідаваць нельга, захаваць: у Віцебску абмеркавалі пытанні неплацежаздольнасці арганізацый
Пра гэта падчас круглага стала па пытаннях прымянення палажэнняў Закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці» паведаміла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. Яна падкрэсліла, што станоўчыя тэндэнцыі ў прадухіленні банкруцтва і ліквідацыі арганізацый наметыліся менавіта дзякуючы дзеянню гэтага заканадаўчага акта.
– Асноўныя мэты названага закона – захаванне бізнесу, стабілізацыя фінансава-эканамічнага стану прадпрыемстваў, захаванне працоўных калектываў, але не ліквідацыя і банкруцтва, – падкрэсліла Анжаліка Нікіціна. – Камісіі па ўрэгуляванні неплацежаздольнасці працуюць пры райвыканкамах і аблвыканкаме, пашыраны іх паўнамоцтвы датычна працы з прадпрыемствамі прыватнай формы ўласнасці незалежна ад штатнай колькасці.
Кансультацыйную і іншую дапамогу камісіі аказваюць прадпрыемствам як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці. Прычым, як паказвае практыка, апошнія звяртаюцца за ёй часцей. Для санацыі прадпрыемстваў выкарыстоўваюць розныя механізмы: міравыя пагадненні, заключаныя з дапамогай абласнога эканамічнага суда, рэструктурызацыя запазычанасці, унясенне ўкладаў ва ўстаўныя фонды. Прымяняюцца таксама фінансавыя меры аздараўлення на ўзроўні прадпрыемства, да прыкладу, унутрысістэмнай запазычанасці, што ўплывае на паляпшэнне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і рост выручкі.
– Актыўна прымяняецца такі механізм, як рэарганізацыя прадпрыемства шляхам перадачы яго акцый больш паспяховаму прадпрыемству, – адзначыла Анжаліка Нікіціна. – Так, сёлета акцыі ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» перададзены РУПТП «Аршанскі льнокамбінат», з прычыны чаго рэструктурызавана запазычанасць, прадпрыемства нарошчвае аб'ёмы вытворчасці.
Практыка паўночнага рэгіёна ў частцы ўрэгулявання неплацежаздольнасці, у тым ліку судовая, уяўляе цікавасць для ўсёй рэспублікі. Віцебск месцам правядзення круглага стала абраны невыпадкова: у вобласці працэдуру неплацежаздольнасці (банкруцтва) выкарыстоўваюць дзеючыя даўжнікі; актыўную пазіцыю займаюць дзяржаўныя органы, у тым ліку мясцовага кіравання і самакіравання, у частцы выкарыстання механізмаў урэгулявання неплацежаздольнасці для спагнання запазычанасці ў бюджэт. Акрамя таго, у абласным эканамічным судзе разгледзелі шмат спраў, на падставе якіх можна рабіць пэўныя высновы, а бо прыйшоў час абагульнення судовай практыкі.
– Для нас важна, каб абмяркоўваемы закон быў добра адпрацаваны з пункту гледжання юрыдычнай тэхнікі і стылю выкладу, – звярнуў увагу намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Юрый Кобец. – Не менш важна, каб ён працаваў на практыцы, яго разумелі ўсе зацікаўленыя ў правільным вырашэнні спраў гэтай катэгорыі. Для гэтага нам важна пачуць на месцах, якія пытанні ўзнікаюць у дзяржорганаў, прадпрыемстваў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб.
Да ўдзелу ў круглым стале запрасілі прадстаўнікоў дзяржорганаў, ВНУ, суддзяў і антыкрызісных кіраўнікоў. Па выніках мерапрыемства будуць падрыхтаваны матэрыялы для разгляду на Пленуме Вярхоўнага Суда. Яго тэматычнае пасяджэнне адбудзецца ў канцы года і вынікам стануць растлумачэнні па ўсіх спрэчных пытаннях аб прымяненні Закона «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці».
Юрый Кобец таксама правёў асабісты прыём грамадзян у Віцебску і сустрэўся з калектывам ААТ «Віцебскія дываны».