Найлепшую каманду ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" выберуць у Віцебскай вобласці

Абласны этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" пройдзе 12 чэрвеня на тэрыторыі 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце БРСМ.

Гульня плануе сабраць больш за сотню ўдзельнікаў з розных куткоў рэгіёна. Гэта рабяты ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў - навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За перамогу паспаборнічаюць дзесяць каманд з Бешанковіцкага, Віцебскага, Лепельскага, Аршанскага, Сенненскага, Чашніцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама Наваполацка і Віцебска. Абласны цэнтр прадставяць адразу дзве зборныя. Заяўку на ўдзел таксама падала каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча. Згодна з палажэннем гульні, яна прайшла ў рэспубліканскі фінал аўтаматычна.

Юнакоў і дзяўчат у абласным туры "Арляня" чакае некалькі выпрабаванняў. Зборка і разборка аўтамата Калашнікава, зарадка магазіна навучальнымі патронамі, паласа перашкод, кідкі гранаты на дакладнасць - у праграме ваенізаванай гульні на мясцовасці "Час каманды". Падлеткі будуць падцягвацца на турніку, перацягваць канат і не толькі падчас конкурсу "Мужнасць! Адвага! Годнасць!". Тут жа пройдуць агляд страявой падрыхтоўкі і творчае спаборніцтва, падчас якога каманды выпусцяць баявы лісток. Інтэлектуальнай складнікам праграмы стане квiз-турнiр "Памятаем пра мінулае, ганарымся сучасным, думаем пра будучыню!". Яго пытанні будуць звязаны з гісторыяй краіны.

Пераважная большасць удзельнікаў - юнакі, у складзе кожнай каманды будуць і дзве дзяўчыны. Па словах арганізатараў, прадстаўніцы прыгожага полу нярэдка складаюць хлопцам годную канкурэнцыю. "Каманды грунтоўна рыхтуюцца, некаторыя з рабят удзельнічаюць не першы год. Можна з упэўненасцю сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі каманд з кожным разам заўважна павышаецца, як і цікавасць да гульні", - адзначылі ў абкаме БРСМ.

Арганізатарам гульні выступіў абласны камітэт Саюза моладзі. Спаборніцтвы праводзяцца пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Пераможцы абласнога этапу ппрадставяць паўночны рэгіён у рэспубліканскім фінале "Арляня", які запланаваны ў Брэсцкай вобласці з 15 па 20 чэрвеня.