Міжнародны эканамічны форум і Рэспубліканская універсальная выстава-кірмаш адкрыліся ў Оршы

Международный экономический форум и Республиканская универсальная выставка-ярмарка открылись в Орше
Сёння Орша прымае IX Міжнародны эканамічны форум і X Рэспубліканскую універсальную выстаўку-кірмаш «Аршанскія традыцыі». Пляцоўкай для іх правядзення выбрана Лядовая арэна. Праграма чатырохдзённага мерапрыемства – грунтоўная.

– Традыцыйны эканамічны форум дае магчымасць пашырыць межы гандлёва-эканамічных адносін, бліжэй знаёміць жыхароў і гасцей рэгіёна з прадукцыяй вядучых прамыслоўцаў краіны, інавацыйным і інвестыцыйным патэнцыялам, дазваляе наладзіць новыя ўзаемавыгадныя сувязі, – адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац.

Так, тэмай першага дня стала міжнароднае супрацоўніцтва, узаемадзеянне гарадоў-партнёраў. Тэлемост звязаў удзельнікаў пленарнага пасяджэння з г. Наньчан (КНР), Цвяры, Смаленска, Санкт-Пецярбурга, Вяземскага і Гагарынскага раёнаў Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Кожны расказаў аб інвестыцыйным патэнцыяле і бізнес-перспектывах свайго рэгіёна. Знакавай падзеяй стала падпісанне (у рэжыме анлайн) мемарандума аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж пілотнай зонай рэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва «Кітай-ШАС» і ТАА «Брэміна-групп».

– Унікальнасць гэтай дзелавой пляцоўкі відавочная. Гэта магчымасць сумесна шукаць дадатковыя нішы развіцця, абменьвацца вопытам, гаварыць і абмяркоўваць, як больш эфектыўна рэалізоўваць прамысловы, інавацыйны, транспартна-лагістычны патэнцыял рэгіёнаў, – падкрэсліла генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення БелГПП Наталля Вараб'ёва. – Хачу адзначыць тую акалічнасць, што нязменна павялічваецца агульная колькасць падпісаных падчас форуму пагадненняў па лініі рэгіёнаў і дзелавых колаў. У рэгіёне маецца вялікі патэнцыял росту. Тут закладзена і рэалізуецца прававая база па аказанні льгот для бізнесу з мэтай стварэння камфортнага бізнес-асяроддзя.

Безумоўна, бізнес выбірае той рэгіён, дзе найбольш камфортныя ўмовы, дзе мясцовая ўлада цалкам гарантуе падтрымку дзелавых ініцыятыў. Чарговы раз Аршаншчына становіцца пляцоўкай для развіцця і ўмацавання эканамічных, дзелавых сувязяў, падтрымання канструктыўнага дыялогу бізнесу і органаў дзяржаўнага кіравання. Сёння суб'екты гаспадарання кантактна-кааперацыйнай біржы з удзелам некаторых тэрытарыяльных прамыслова-гандлёвых палат рэгіёнаў Расіі прадставілі свой патэнцыял развіцця, тую прадукцыю, якую яны вырабляюць.

Яшчэ адно значнае мерапрыемства дня – адкрыццё пры падтрымцы кітайскага боку кабінета Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ў сярэдняй школе № 16.

Ва ўсе дні форуму будзе працаваць кірмаш вакансій для абітурыентаў. Прадстаўнікі ВНУ абласнога цэнтра, БДСГА і сістэмы прафтэхадукацыі Аршанскага раёна дапамогуць выпускнікам вызначыцца з будучай прафесіяй.

На універсальнай выставе-кірмашы «Аршанскія традыцыі», што разгарнула свае шэрагі на тэрыторыі Лядовай арэны, увазе наведвальнікаў прапанаваны прадукты харчавання, прамысловыя тавары, садоўніцкая прадукцыя і шмат іншых тавараў айчынных і расійскіх вытворцаў.

Арганізатары мерапрыемства – Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і Аршанскі райвыканкам.

"Віцебскія весці".