Міжраённы цэнтр ранняга ўмяшання адкрылі ў Паставах
Міжраённы цэнтр ранняга ўмяшання адкрылі ў Паставах. Ён размешчаны ў раённай паліклініцы, прызначаны для аказання дапамогі маленькім пацыентам і кансультавання іх бацькоў. Кожны са спецыялістаў – педыятр, псіхолаг і дэфектолаг, дапаможныя службы – гатовы прыступіць да выканання сваіх абавязкаў – узяць пад назіранне дзяцей ад нараджэння і да 3 гадоў, у якіх заўважаны змены ў развіцці, а таксама кансультаваць бацькоў.
– Першыя гады жыцця малышоў – найважнейшы перыяд, – кажа дзіцячы псіхолаг Пастаўскай ЦРБ Вольга Русак. – І калі па якой-небудзь прычыне ў развіцці назіраюцца адхіленні ад нормы, урачы і бацькі цалкам могуць іх нівеліраваць. Своечасовая дапамога павялічвае шансы выгадаваць здаровага чалавека.
У зоне абслугоўвання цэнтра дзеці Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Браслаўскага раёнаў, якім патрабуецца спецыялізаваная дапамога.