Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў Воршы: «Кансерватызм павінен быць пераадолены»
У канферэнц-зале гімназіі №2 пасля дэталёвага абмеркавання былі ўнесены дапаўненні і змяненні ў пастанову Міністэрства адукацыі Беларусі ад 22 жніўня 2012 года №101 «Аб зацвярджэнні інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі». Іх сутнасць – ва спрошчэнні сістэмы атэстацыі педагогаў і дэлегаванні паўнамоцтваў адміністрацыі ўстаноў і органам мясцовай улады.
– У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў аб неабходнасці ўдасканалення адукацыйнай сістэмы і вырашэнні шэрагу праблем да верасня гэтага года, – адзначыў міністр. – Нам трэба выпрацаваць меры па вырашэнні канцэптуальных пытанняў ад дашкольнай адукацыі да ВНУ. У першую чаргу неабходна перагледзець праграмы і змест падручнікаў, разабрацца з вучэбнай нагрузкай.
Ігар Карпенка праінфармаваў, што з гэтай мэтай створаны рабочыя групы, якія ўжо прыступілі да аналізу праграм, падручнікаў і дапаможнікаў. Да працы прыцягнулі і настаўнікаў-практыкаў. Іх задача – вызначыцца з аб'ёмам і якасцю інфармацыі ў падручніках і аб'ёмам школьных праграм.
Знаёмячыся напярэдадні пасяджэння з напрацоўкамі і дасягненнямі ўстаноў адукацыі Аршаншчыны, Ігар Васільевіч пагутарыў з настаўнікамі-прадметнікамі аб школьных нагрузках і змесце асобных падручнікаў.
– Так, ёсць шэраг заўваг, прэтэнзій і па змесціве, і па ілюстрацыях, і па даступнасці інфармацыі, – сказаў Ігар Карпенка. – Аднак успомнім савецкую школу. Хіба мы разважалі, дрэнны ці добры падручнік? Мы слухалі, затаіўшы дыханне, настаўніка, які падаваў матэрыял так, што і падручнік часам дома адкрываць не даводзілася. Таму і метадычная падрыхтоўка педагога павінна займаць
ключевое месца ў сістэме перагляду праграм, падрыхтоўкі падручнікаў і дапаможнікаў. Я хацеў бы, каб нашы інстытуты развіцця адукацыі і сістэма перападрыхтоўкі, уключаючы тыя ВНУ, якія рыхтуюць кадры па педагагічных спецыяльнасцях, удзялілі гэтаму сур'ёзную ўвагу. На жаль, даём шмат тэорыі, а практыка і методыка пакутуюць.Ігар Васільевіч зрабіў акцэнт на пытаннях сістэмы профіляў у школе і падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых і служачых. Ён выказаў шкадаванне, што ў цяперашні час Міністэрства адукацыі выступае не толькі ў ролі дзяржоргана, адказнага за падрыхтоўку кадраў, але і ў ролі іх заказчыка.
– Тут у першую чаргу трэба адштурхоўвацца ад патрэбаў у тых ці іншых спецыялістах галін эканомікі і сацыяльнай сферы, – канстатаваў Ігар Карпенка. – У адпаведнасці з даручэннем прэзідыума Саўміна, галоўнымі ў сістэме падрыхтоўкі будуць выступаць, акрамя Мінадукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, эканомікі. З прадстаўнікоў трох дзяржорганаў сфарміравана працоўная група, якая павінна распрацаваць новую канцэпцыю замовы кадраў і стварыць прынцыпова новую схему прагназавання патрэбаў у спецыялістах. Мяркую, што роля і адказнасць прадпрыемстваў у фарміраванні заказаў будзе не апошняй. Задача стаіць і перад органамі мясцовай улады, і перад галіновымі міністэрствамі, каб, фарміруючы інвестыцыйны пакет, мы не забываліся пра сістэму адукацыі, якая павінна забяспечыць спецыялістамі канкрэтныя прадпрыемствы. Тут усё ўзаемазвязана, пачынаючы ад таго, якія з'явяцца інавацыйныя вытворчасці, якія будуць створаны працоўныя месцы, да вучэбна-метадычнага суправаджэння і матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Ігар Карпенка адзначыў, што ў бягучым годзе былі скарэкціраваны некаторыя кантрольныя лічбы прыёму ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы па шэрагу спецыяльнасцей, у тым ліку па рабочых прафесіях.
– Навацыі па рэгуляванні лічбаў прыёму павінны закрануць не толькі бюджэтную, але і платную формы атрымання адукацыі. Не павінна быць так, што мы на платнай аснове рыхтуем спецыялістаў, а потым іх выпускаем у нікуды.
Варта
нагадаць, што ў сваім Пасланні Аляксандр Лукашэнка закрануў такую важную тэму, як развіццё рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. Была пастаўлена задача на прыкладзе Аршанскага раёна выпрацаваць стратэгію іх развіцця. А сістэма адукацыі з'яўляецца найважнейшым складнікам рэгіянальнага развіцця, якая вырашае многія сацыяльна-эканамічныя задачы па выхаванні падрастаючага пакалення і узнаўленні кадравага патэнцыялу. Аршанскі раён мае развітую, стабільна функцыянуючую сістэму адукацыі, прадстаўленую ўстановамі асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Пра гэта сказаў у сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Гэта 116 устаноў, звыш 3,5 тыс. педагагічных работнікаў, больш за 28 тыс. навучэнцаў. У той жа час ёсць істотныя рэзервы для развіцця. Неабходна значна, з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, павысіць эфектыўнасць працы кадраў і, як вынік, выйсці на больш якасны ўзровень навучання і выхавання падрастаючага пакалення.– На жаль, ёсць яшчэ школы, дзе акрамя парт, дошкі і крэйды няма нічога, – адзначыў Ігар Карпенка. – Гэта ў наш век інфармацыйных тэхналогій і магчымасцей выклікае занепакоенасць. Трэба зрабіць рывок, а мы вельмі доўга раскачваемся. Калі мы ў бліжэйшыя некалькі гадоў не зробім прарыў у кампутарызацыі, у аснашчэнні школ сучасным абсталяваннем і тэхнікай, выкарыстанні электронных сістэм у адукацыйным працэсе, мы не тое што будзем тупаць на месцы, а ўпадзем у яму. Таму зараз вельмі важна на аршанскім рэгіёне адпрацаваць гэтыя пытанні, ужо дадзены адпаведныя даручэнні.
Міністр падкрэсліў, што неабходна забяспечыць крокавую даступнасць дашкольнай адукацыі, перагледзець пытанні далейшай аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, стварэння ўмоў для адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На тэрыторыі Аршаншчыны функцыянуюць 9 устаноў прафесійнай адукацыі, у якіх навучаецца амаль 5 тыс. чалавек. Гэтая моладзь павінна быць запатрабавана ў першую
чаргу ў сваім рэгіёне, упэўнены Ігар Васільевіч. Ён заўважыў, што ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дублюецца падрыхтоўка па асобных спецыяльнасцях, не завершаны работы па іх аптымізацыі. Ёсць і праблемы з працаўладкаваннем выпускнікоў з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ігар Карпенка выказаўся аб мэтазгоднасці перадачы профтэхаў і ссузаў у вядзенне мясцовых органаў улады.
– Гэта будзе больш пісьменна ў плане кадравай палітыкі, – падкрэсліў міністр. – Гэту працу мы павінны выбудоўваць у цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады, паколькі яны больш аператыўна адрэагуюць на зменлівы рынак працы. Кансерватызм у сістэме адукацыі павінен быць пераадолены. Мы павінны не раскачвацца, а быць больш гнуткімі ва ўмовах зменлівага рынку працы і выконваць задачы, якія перад намі ставіць час.
Вольга Лебедзева, фота аўтара. «Віцебскія весці».