Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, адбыўся ў Віцебску

У Віцебску адбыўся традыцыйны мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 33-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан

15 лютага – гэта адначасова свята ветэранаў-«афганцаў», бо менавіта ў гэты дзень 33 гады таму вайна ў Афганістане для савецкіх ваеннаслужачых была скончана, і Дзень памяці і смутку па ўсіх загінулых воінах-інтэрнацыяналістах.

Пашанаваць памяць загінулых і ўскласці кветкі да мемарыяльнага комплексу «Боль» прыйшлі воіны-«афганцы», ветэраны лакальных войнаў, сем'і загінулых, дэпутаты, кіраўнікі і прадстаўнікі мясцовых органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, а таксама цяперашнія дэсантнікі і выхаванцы Віцебскага кадэцкага вучылішча.

– Чым далей у мінулае адыходзяць падзеі вайны ў Афганістане, тым мацней становіцца памяць і яскравей успрымаецца подзвіг, здзейснены воінамі-інтэрнацыяналістамі, ужо тады яны змаглі спыніць тэрарызм, наркатрафік і з гонарам выканалі свой грамадзянскі доўг, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – На жаль, з кожным годам удзельнікаў падзей у Афганістане становіцца ўсё менш, аднак ніхто не застаецца забытым, толькі за апошнія гады на тэрыторыі Віцебскай вобласці на мемарыяльных плітах ушанаваны імёны 44 герояў-«афганцаў», 20 вуліц і 4 школы носяць імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў.

На мітынгу таксама выступілі старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валяр'ян Мацкевіч, ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Руслан Шкодзін, першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў.

Мерапрыемства завяршылася хвілінай маўчання, падчас якой прагучалі прозвішчы ўсіх 160 ураджэнцаў Віцебшчыны, якія аддалі свае жыцці пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. Гучалі дзяржаўны гімн і салют з залпаў.

"Віцебскія весці"